Маці. Даволі простае, шчырае і вечнае слова, якое заўсёды на вуснах. Простае, бо любоў у сэрцы, жыццё на зямлі, успаміны найлепшых момантаў, звязаных з дзяцінствам, – гэта ты, матуля. Фотаздымак самага любімага чалавека, пажоўклы, змяты, але такі дарагі... Слёзы радасці, калі бачыш яе пасля доўгага растання. Словы ўдзячнасці, якія не заўсёды паспееш сказаць, і словы прабачэння за непаслухмянасць, недарэчнасці і няправільныя жыццёвыя крокі.
Вечнае, бо не адзін чалавек не мае права забыць таго, хто даў яму самы найдаражэйшы падарунак – жыццё. Жыццё, якое часта параўноўваюць з чорна-белымі плямамі, побач з матуляй робіцца белым як прасцінка, у якую яна цябе захутвала, светлым, як ціхая песня маці ўначы, якую не забыць ніколі. Ад усіх гэтых успамінаў на вуснах міжволі з’яўляецца ўсмешка і жаданне схавацца пад коўдру, як калісьці, адчуць ля сябе чалавека, які ніколі не пакідаў цябе малога.
Пацалунак у ланіты, сэрца грукат шалёны, калі едзеш дамоў здалёк. Свята, калі з кветкамі бяжыш пад дажджом у родны дом, а матуля ні аб чым не здагадваецца. І поўныя невялікіх блакітных кропелек вочы, у якіх жыве дабрыня.
Матуля абдымае мяне, а я гляджу на яе рукі. Божа! Я ніколі не бачыў такіх рук. Глядзіш на іх і разумееш, што менавіта гэтыя рукі калыхалі цябе, лашчылі, моцна трымалі, каб не спатыкнуўся, вялі ў патрэбным накірунку, каб вырас ты сапраўдным чалавекам.
Не скупіцеся на пацалункі гэтых рук, на словы ўдзячнасці сваім маці, на пажаданні, каб яны заставаліся заўсёды маладымі. А самыя галоўныя словы кожны павінен сказаць сваёй матулі сам.
Дзмітрый Мацейка, г.Клецк.
Отправить комментарий