Для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах зарэгістраваны 521 кандыдат
Як мы ўжо паведамлялім, завершана рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына расказала аб выніках этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і іншых момантах выбарчай кампаніі.
"Зарэгістраваны 521 кандыдат у дэпутаты, 93 прэтэндэнтам адмоўлена, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах", – сказала кіраўнік ЦВК. У цэлым яна пазітыўна ацэньвае колькасць канчатковых прэтэндэнтаў на месца ў парламенце, паколькі працэнт адмовы ў рэгістрацыі невысокі. "Працэнтныя адносіны адмоў – 14,8 працэнта, што на 10 працэнтаў менш, чым чатыры гады таму. Для параўнання: на папярэдніх парламенцкіх выбарах было зарэгістравана 363 кандыдаты, адмоў было 122, або 24,7 працэнта", – адзначыла Лідзія Ярмошына.
Усяго ў гэтым годзе кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 630 чалавек, што на 130 больш, чым на выбарах у 2012 годзе. Пры гэтым у выбаркамы паступіла 765 камплектаў дакументаў, што сведчыць аб розных спосабах вылучэння.
Кандыдаты будуць змагацца за 110 месц у парламенце.
Жанчын сярод зарэгістраваных кандыдатаў – 24,8 працэнта. "Гэта менш як трэць, але давайце не будзем забываць, што доля жанчын у парламенце можа быць большай. Жанчыны могуць заняць і да 50 працэнтаў са 110 месц у парламенце, калі яны будуць выбраны выбаршчыкамі", – звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі на тэму "Парламенцкія выбары-2016" на сайце БелТА.
Моладзі сярод зарэгістраваных кандыдатаў – 9,8 працэнта (крыху больш, чым у 2012 годзе, калі гэты паказчык склаў 9,1 працэнта), пенсіянераў – 8,1 працэнта (42 чалавекі).
У якасці кандыдатаў зарэгістраваны 31 беспрацоўны (6 працэнтаў).
Прадстаўнікі сацыяльнай сферы (адукацыя, культура, навука, ахова здароўя) склалі 18,2 працэнта (95 чалавек), дзяржорганаў – 9,8 працэнта (51 чалавек). Даволі шмат работнікаў прамысловасці – 17,3 працэнта (90 чалавек). Прадпрымальнікі склалі 6,7 працэнта (35 чалавек). Іншыя сферы дзейнасці прадстаўляюць 136 чалавек (26,1 працэнта).
Вылучаны палітычнымі партыямі 52,5 працэнта зарэгістраваных (прыблізна гэтак жа, як і ў 2012 годзе). У цэлым жа членамі партый з'яўляюцца 63,7 працэнта зарэгістраваных кандыдатаў (332 чалавекі).
Ацэньваючы колькасць людзей, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ў гэтай сітуацыі нельга кіравацца толькі лічбамі. "Самае галоўнае – прычыны (адмовы ў рэгістрацыі. – Заўвага БелТА). Калі адмовы абгрунтаваны і адпавядаюць рэаліям, значыць, гэта нармальна. Калі ёсць адмовы, прыцягнутыя за вушы, будуць разбірацца тэрытарыяльныя камісіі, потым суды. Зразумела, такая сітуацыя не можа задавальняць ні мяне, ні выбаршчыкаў", – сказала старшыня ЦВК.
"Я абсалютна ўпэўнена, што ўсе заканадаўчыя, арганізацыйныя і прававыя перадумовы былі роўныя. І гэта з'яўляецца тым самым галоўным, што можа запатрабаваць ад дзяржавы выбаршчык і кандыдат у дэпутаты", – заявіла Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанне, ці былі створаны роўныя ўмовы для вылучэння апазіцыйных і праўладных кандыдатаў. Разам з тым старшыня ЦВК падкрэсліла, што абсалютнай роўнасці пры вылучэнні быць не можа, таму што не роўныя самі кандыдаты. "Дырэктара завода вылучыць яго працоўны калектыў, кіраўніка грамадскага аб'яднання або лідара партыі падтрымае яго структура, а беспрацоўнага вылучаць няма каму. Таму абсалютнай роўнасці не існуе. Усё вызначае асоба самога кандыдата", – звярнула ўвагу яна.
Асабісты фінансавы фонд кандыдата можа цалкам фарміравацца за яго кошт
У якасці прыкладу Лідзія Ярмошына прывяла выпадак, калі кандыдат адкрыў рахунак, унёс на яго грошы, праплаціў агітацыйную прадукцыю і адразу закрыў рахунак. "Ён не хоча, каб туды паступалі нейкія ананімныя сродкі, каб яго нехта дыскрэдытаваў, каб ён потым тлумачыў. Напэўна, ён не вельмі давярае гэтаму адкрытаму працэсу ўнясення сродкаў і жадае ўсё рабіць сваімі чыстымі, праверанымі грашамі. Гэта яго права. Менавіта таму я так настойвала, калі абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні фондаў, каб гэты фонд дазвалялі цалкам фарміраваць за кошт сродкаў самога кандыдата", – адзначыла Лідзія Ярмошына.
Асабістыя фонды таксама могуць фарміравацца за кошт добраахвотных ахвяраванняў фізічных і юрыдычных асоб. Гранічная сума ўсіх расходаў са сродкаў выбарчага фонду кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не можа перавышаць 1000 б.в., што складае Br21 тыс. з улікам дэнамінацыі.
Са сродкаў выбарчага фонду могуць фінансавацца выраб друкаваных матэрыялаў, арэнда памяшканняў, абсталявання, аплата работ (паслуг), транспарту, аргтэхнікі, пакрыццё іншых расходаў, звязаных непасрэдна з правядзеннем кандыдатам у дэпутаты мерапрыемстваў агітацыйнага характару. Прэтэндэнту на месца ў парламенце забараняецца выкарыстоўваць іншыя грашовыя сродкі для правядзення перадвыбарнай агітацыі, акрамя тых, якія паступілі ў выбарчы фонд.
Спецыяльны фінансавы рахунак для стварэння фонду можна адкрыць у аддзяленні Беларусбанка.
Супраць "навігатара" па выступленнях кандыдатаў на сайце ЦВК пярэчанняў не паступала
Адно з пытанняў у час анлайн-канферэнцыі на тэму "Парламенцкія выбары-2016" датычылася стварэння на сайце ЦВК спецыяльнага раздзела, дзе можна знайсці "каардынаты" кожнага выступлення кандыдатаў, якое паступіла ў рэдакцыі газет. Мяркуецца, што гэта, у тым ліку, дапаможа пазбегнуць паўторнай бясплатнай публікацыі перадвыбарных праграм у дзяржаўных СМІ.
У папярэднюю парламенцкую кампанію выпадкаў двайнога апублікавання не было, канстатавала Лідзія Ярмошына, але гэта было магчыма ў акругах, дзе сканцэнтравана некалькі адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў, значыць, ёсць некалькі газет. "Новаўвядзенне супраць двайнога апублікавання перадвыбарных праграм – не абмежаванне для кандыдатаў. Таму што кантроль з боку ЦВК прадугледжвае толькі інфармацыю на сайце аб усіх выступленнях кандыдатаў у дэпутаты, - адзначыла кіраўнік ЦВК. – Я не атрымала ніводнага пярэчання ні ад наглядальнікаў, ні ад патэнцыяльных кандыдатаў наконт гэтага новаўвядзення". Паводле яе слоў, бясплатная публікацыя перадвыбарных праграм кандыдатаў у дэпутаты ў дзяржаўных СМІ – добра для іх і дадатковая рэклама.
У рэгіёнах для вядзення перадвыбарнай агітацыі створаны ліберальныя ўмовы
"Месц для агітацыі дастаткова, і усе, нават апаненты ўлады, адзначаюць, што ў гэтым годзе створаны больш ліберальныя ўмовы", – заўважыла Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, пры вызначэнні месц для агітацыі ўлады ў рэгіёнах па рэкамендацыі ЦВК кіраваліся "мінскім прынцыпам" – дазволена ўсюды, акрамя тых месц, дзе забаронена. "Гэтак праводзіўся і збор подпісаў. Вядома, не ўсе (у рэгіёнах. – Заўвага БелТА) былі настолькі шырокія ў прадастаўленні прывілей, але тым не менш месц прадастаўлена значна больш. Проста значна менш кандыдатаў жадаюць гэтым скарыстацца. Але калі хочаш агітаваць – калі ласка", – сказала яна.
Растлумачваючы прычыны адмовы некаторых кандыдатаў у дэпутаты ўдзельнічаць у будучых тэледэбатах, Лідзія Ярмошына выказала меркаванне, што прадстаўнікі палітычных партый, якія зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў, не вельмі хочуць дыскутаваць адзін з адным, але вельмі хочуць паразмаўляць з праўладным кандыдатам. "Хоць я лічу, што, калі табе няма чаго сказаць, нападаць на ўладу – гэта самае простае. Самае простае – гэта негатыўная агітацыя, калі ты абвінавачваеш ва ўсіх бедах апанента і выглядаеш на яго фоне белым і пушыстым", – лічыць яна.
Пры гэтым, на думку Лідзіі Ярмошынай, "галоўнае ў тэледэбатах - усё ж такі паказаць выбаршчыкам, што ты хочаш і можаш зрабіць, што ты можаш прапанаваць грамадству і выбаршчыкам".
Тэледэбаты – адна з самых відовішчных форм вядзення перадвыбарнай агітацыі, якая, напрыклад, выкарыстоўвалася на прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе. На выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія адбудуцца 11 верасня, парадак правядзення тэледэбатаў вызначаецца адпаведнай рэгіянальнай тэлерадыёкампаніяй.
"Удзел у выбарах з'яўляецца свабодным, як і ў перадвыбарных мерапрыемствах. Я супраць любога прымушэння", – адзначыла Лідзія Ярмошына. "Калі кандыдат адмаўляецца ад удзелу ў тэледэбатах, то выбаршчык мае права зрабіць адпаведную ацэнку яго асобы. Можа, ён адмаўляецца зусім абгрунтавана? – сказала кіраўнік ЦВК. – Напрыклад, кандыдат у дэпутаты канкурыруе з чалавекам, які вызначаецца залішняй канфліктнасцю. Прыйсці і быць зняважаным, прыніжаным, аблаяным – гэта аднолькавыя ўмовы вядзення дэбатаў? Не, вядома".
Лідзія Ярмошына лічыць, што "любы кандыдат (скажам, старшыня райвыканкама, кіраўнік, палітык) не павінен баяцца адкрытых пытанняў, павінен умець адкрыта апаніраваць". Але гэта вельмі індывідуальна, дадала яна.
Мажарытарная сістэма больш выгадная выбаршчыку
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, пераход на прапарцыянальную сістэму патрэбны, каб партыі развіваліся, удзельнічалі ў выбарах – гэта адзінае абгрунтаванне для такога кроку. "Але мы бачым, што партыі ў нас не дэградуюць, яны развіваюцца і пачынаюць удзельнічаць у выбарах яшчэ больш актыўна. Дык навошта мы будзем укараняць прапарцыянальную сістэму і ў той жа час пазбаўляць выбаршчыка такіх рэчаў, як персанальны погляд, персанальны выбар кандыдата, персанальная адказнасць? Гэта ўсё тое, што дае мажарытарная сістэма, што дорага выбаршчыку", – адзначыла Лідзія Ярмошына.
Старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што на постсавецкай прасторы – масавая з'ява, калі ўкаранілі прапарцыянальную сістэму, а потым сталі пераходзіць да змешанай або мажарытарнай. "Такі крок быў патрэбны не ўраду (яму якраз больш зручная прапарцыянальная сістэма), гэта патрэбна выбаршчыку", – лічыць яна.
Чым менш абмежаванняў для наглядальнікаў на выбарах, тым больш непрадузяты іх погляд
"Чым больш свабоды, чым менш абмежаванняў і кантролю з боку ўлады, тым больш свабодна адчувае сябе наглядальнік, тым больш непрадузятым з'яўляецца яго погляд, таму што ён абсалютна рознабаковы ў сваіх кантактах і можа атрымаць інфармацыю ад любых людзей і арганізацый", – сказала Лідзія Ярмошына.
Разам з тым старшыня ЦВК адзначыла, што не можа ацэньваць работу наглядальнікаў на выбарах у Беларусі. "Больш таго – не маю права гэта рабіць. Бо ў гэтым выпадку яны назіраюць за дзейнасцю дзяржаўных улад і выбарчых камісій, а не я. Магу сказаць, што яны працуюць абсалютна аўтаномна, па сваёй праграме, не ўзгадняючы яе з Цэнтральнай выбарчай камісіяй", – звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, раней ЦВК часцей кантактавала з наглядальнікамі, аднак у эпоху інтэрнэту ўсё змянілася. "Цяпер яны бачаць літаральна ўсё: праграму дзеянняў, тэлефоны, расклады, рэжымы работы акруговых і тэрытарыяльных камісій. І яны самі выходзяць непасрэдна на гэтыя арганізацыі, самі кантактуюць з імі. Кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЕ я бачыла адзін раз: пры прадстаўленні. Цяпер яна працуе разам са сваёй місіяй самастойна. Да нас прыходзяць асобныя эксперты, але яны прыходзяць у асноўным у наш прававы аддзел, каб пракансультавацца з юрыстамі, узяць у іх нейкую інфармацыю, скапіраваць скаргі, якія паступаюць у ЦВК, і адказы на іх, – растлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама. – Наколькі я ведаю, сёння яны сустракаюцца з кіраўніцтвам Вярхоўнага суда. Яны сустракаюцца з дыпламатамі, палітычнымі партыямі. Я ведаю, што ў іх павінна з'явіцца ў бліжэйшы час прамежкавая справаздача. І гэта адзінае сведчанне для ЦВК таго, што яны прысутнічаюць".
ЦВК: з ліку
зарэгістраваных кандыдатаў 28 – дзеючыя дэпутаты Палаты
прадстаўнікоў
Сярод зарэгістраваных кандыдатаў 28 чалавек з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі дзеючага склікання. Такая інфармацыя размешчана 12 жніўня на сайце Цэнтрвыбаркама.
Зарэгістраваных кандыдатаў вылучылі: грамадзяне шляхам збору подпісаў – 199 (38,2 працэнта), працоўныя калектывы – 125 (24 працэнты), палітычныя партыі – 331 (63,5 працэнта). Сярод партыйцаў найбольшая колькасць зарэгістравана ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі – 77 чалавек (14,8 працэнта), ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі – 57 (10,9 працэнта) і ад Партыі БНФ – 49 (9,4 працэнта).
Сярод прэтэндэнтаў на парламенцкую пасаду 129 жанчын (24,8 працэнта), грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў – 52 (10 працэнтаў), з'яўляюцца дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў – 43 (8,3 працэнта).
Што датычыцца сфер дзейнасці, тут можна вылучыць наступныя катэгорыі: адукацыя, культура, навука, ахова здароўя – 95 чалавек (18,2 працэнта); гандаль, бытавое абслугоўванне насельніцтва – 24 (4,6 працэнта), дзяржаўныя органы - 51 (9,8 працэнта); праваахоўныя органы і ваенная служба – 8 (1,5 працэнта), прадпрымальнікі – 35 (6,7 працэнта); прамысловасць, транспарт, будаўніцтва – 90 (17,3 працэнта); сельская гаспадарка – 9 (1,7 працэнта). Іншыя сферы дзейнасці прадстаўляюць 137 кандыдатаў (26,3 працэнта), непрацуючых – 30 чалавек (5,8 працэнта), пенсіянераў – 42 (8,1 працэнта).
Выступленні кандыдатаў у СМІ дапамогуць выбаршчыкам вызначыцца з перавагамі
Як адзначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама, адначасова з рэгістрацыяй кандыдатаў выбарчыя камісіі праводзяць жараб'ёўку тэлевізійнага і радыйнага часу. Кожны кандыдат атрымае пяць хвілін для выступлення па беларускім тэлебачанні і пяць хвілін для выступлення па радыё. Пры гэтым будуць задзейнічаны магчымасці, перш за ўсё, абласных тэлерадыёкампаній. Аднак кандыдатам у дэпутаты, якія балаціруюцца па Мінску, час будзе прадастаўлены ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3", а кандыдатам у дэпутаты, якія балаціруюцца па Мінскай вобласці, – у эфіры тэлеканала "СТБ" ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".
Кандыдаты ў дэпутаты пачалі прадастаўляць для апублікавання ў СМІ свае праграмы. Такая інфармацыя 10 жніўня размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама. Так, першая праграма паступіла напярэдадні ў рэдакцыю газеты "Рэспубліка" ад аднаго з зарэгістраваных кандыдатаў. Інфармацыя аб іншых прэтэндэнтах на парламенцкае месца, якія накіравалі свае праграмы ў мясцовыя або цэнтральныя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі (у залежнасці ад акругі, дзе яны вылучаліся), таксама будзе з'яўляцца на сайце Цэнтрвыбаркама.
Ёсць розныя варыянты вядзення перадвыбарнай агітацыі, якія ўключаюць выступленні перад выбаршчыкамі на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні, радыё, публікацыю праграмы сваёй будучай дзейнасці. Таксама можна ставіць перад адпаведнымі выбаркамамі пытанне аб прадастаўленні памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі.
Кандыдат мае права самастойна вызначаць формы, віды і змест перадвыбарнай агітацыі, выконваючы пры гэтым патрабаванні заканадаўства аб выбарах, масавых мерапрыемствах і СМІ.
Больш як 10,5 тыс. унутраных наглядальнікаў акрэдытаваны для маніторынгу выбараў у парламент
Больш як 10,5 тыс. нацыянальных наглядальнікаў акрэдытаваны для маніторынгу выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання. Такая інфармацыя размешчана 12 жніўня на сайце Цэнтрвыбаркама.
Грамадзяне шляхам падачы заявы акрэдытавалі 840 сваіх прадстаўнікоў, працоўныя калектывы – 379, палітычныя партыі – 1 345. Ад іншых грамадскіх аб'яднанняў акрэдытацыю атрымалі 7 945 чалавек.
Што датычыцца міжнародных наглядальнікаў, якія будуць задзейнічаны ў маніторынгу выбарчай кампаніі, іх, паводле апошняй інфармацыі, акрэдытавана ўжо больш за 320, аднак па меры набліжэння даты выбараў гэта колькасць будзе павялічвацца.
БелТА.
Отправить комментарий