Водпуск… Няма, напэўна, таго чалавека, які б не марыў аб ім яшчэ задоўга да вызначанага дня і не будаваў планы, звязаныя з адпачынкам. Не цяжка ўявіць, хто чакае яго з асаблівым пачуццём – канешне, салдат абавязковай службы. Мой сын, Артур, як і многія яго саслужыўцы, “набліжаў” адпускную пару, адзначаючы пражытыя дзянькі ў дэмбельскім календары, і адчуў, што, урэшце, дачакаўся яе толькі тады, калі апынуўся на парозе роднага дома. Першымі яго словамі былі: “Абдымі мяне, мама, тады я паверу, што на самай справе ты побач”.
… Прачнуўшыся ранкам, ён хадзіў па пакоях, дакранаўся да ўласных рэчаў, мэблі са словамі “мой дом”, “мой стол”, “мая канапа”… Мы доўга не маглі з сынам нагаварыцца, ён расказваў пра службу (Артур выконвае свой воінскі абавязак у Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі), аб падрыхтоўцы і ўдзеле ў парадзе, прысвечаным 65-гадавіне Вялікай Перамогі, аб вучэннях, першым прыжку з парашутам і ўсё гэта падмацоўваў здымкамі, што захоўваліся на мабільным тэлефоне. А ўжо вечарам Артур дзяліўся “вайсковымі” ўражаннямі са сваімі сябрамі. Калі сын вярнуўся пасля сустрэчы з хлопцамі дадому, высветлілася, што ён згубіў тэлефон (было гэта ў раёне “стокватэрнага” дома па вуліцы Перамогі). Нельга апісаць словамі той настрой, з якім сын правёў наступныя дні водпуску: ён шкадаваў не столькі згубленага тэлефона, колькі флэш-карты, на якой змяшчаліся ўсе армейскія здымкі і відэазапісы за год службы. Супакойваючы Артура, я не раз паўтарала: “Не сумуй, сынок, калі згубіў, і не радуйся, калі знайшоў” і, разам з тым, спадзеючыся на людскую душэўнасць, параіла павесіць аб’яву на доме, каля якога ён згубіў тэлефон. На жаль, на просьбу вярнуць знаходку ніхто не адгукнуўся. Так што ад’язджаць на службу давялося Артуру без настрою. Да таго ж, у той дзень безупынку ліў дождж. Я, у сваю чаргу, як мама адшукала станоўчае і ў гэтым моманце: пацалавала і са словамі “ў народзе кажуць, што дождж у дарогу – добрая прыкмета” адправіла сыночка на службу.
Праз дзень Артур патэлефанаваў і паведаміў, што яму прысвоілі званне малодшага сяржанта і назначылі памочнікам камандзіра і загадчыкам “капцёркі”. “Цяпер, – з гумарам канстатаваў сынок, – у мяне свае кабінет, стол і крэсла!”.
Артур па-ранейшаму штодня звоніць да мяне, толькі ўжо з тэлефона свайго сябра. Пытае, ці часам не знайшоўся яго ўласны, расказвае аб вайсковых буднях.
Майму сыну засталося служыць крыху больш за два месяцы. Яны праляцяць вельмі хутка, і яму давядзецца працаўладкоўвацца і жыць паўнапраўным самастойным жыццём. Мне, як маме, вельмі хочацца, каб вакол яго былі толькі добрыя і чулыя людзі, бо гэта, бясспрэчна, адно з асноўных складаемых поспехаў любога чалавека. І што б там ні казалі, асабіста я ўпэўнена, што добрых людзей значна больш на Зямлі. У адпаведнасці з гэтымі ўяўленнямі я выхоўвала і сына. Магчыма, з-за гэтага яму давядзецца нялёгка прыстасоўвацца да сучаснасці, затое, пераканана, не прыйдзецца шукаць кампраміс з сумленнем. Напэўна, той хто знайшоў Артураў тэлефон, выхаваны не ў хрысціянскіх традыцыях, але, нават нягледзячы на гэта, думаю, калі б бачыў, як перажывае хлопец страту, вярнуў бы яго абавязкова. А, можа, ён проста сам пакуль яшчэ нічога не губляў?
Ганна Бейзерава.
Отправить комментарий