Я добра памятаю той дзень, калі яна нясмела пераступіла парог нашага 7 "Б".
– Алена Мікалаеўна. Настаўнік рускай мовы і літаратуры і ваш новы класны кіраўнік, – абвясціла намеснік дырэктара і прапанавала маладому педагогу пачаць урок.
У той момант дзяўчаты з класа нават перазірнуліся між сабою, маўляў, вельмі сціплая і спакойная – наўрад ці справіцца новенькая з нашымі хлопцамі, сярод якіх нямала было злосных парушальнікаў дысцыпліны, што знаходзіліся пад пільным наглядам інспектараў Дзіцячага пакою міліцыі (аўт.: сёння гэта інспекцыя па справах непаўналетніх)…
З першага дня нашага знаёмства з А.М.Прышчэпай мінула ўжо амаль тры дзясяткі гадоў. І калі прафесійныя сцежкі-дарожкі зноў звялі мяне з гэтым чалавекам, адразу кінулася ў вочы ўсё тая ж сціпласць. Толькі цяпер я ўжо дакладна ведаю, што стаіць за гэтым не нясмеласць і кволасць, а менавіта ўраўнаважанасць і тактоўнасць – тыя найкаштоўнейшыя рысы характару сапраўднага педагога, якія і калісьці дапамаглі ёй знайсці ключы да сэрцаў маіх няпростых аднакласнікаў.
За плячыма Алены Мікалаеўны 38 гадоў педагагічнага стажу. Многае змянілася за гэты час. Цяпер яна выкладае ўжо беларускую мову і працуе не ў першай, а ў трэцяй школе горада Клецка. Але засталося нязменым адно – яе любоў да дзяцей.
Алена Мікалаеўна прыйшла ў адукацыю не выпадкова. Перад вачыма быў прыклад родных цётак, якія працавалі ў Грыцэвіцкай школе. Адна – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, другая – замежнай мовы. Ды і старэйшая сястра яе таксама стала педагогам. Таму, калі прыйшоў час рабіць уласны выбар, яна ніколькі не вагалася. З лёгкасцю паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. І не памылілася! Сёння Алена Мікалаеўна – таленавіты класны кіраўнік. Галоўнае яе крэда – выхаванне высокамаральнай асобы, сумленнага і дысцыплінаванага грамадзяніна сваёй краіны, чалавека ветлівага, сціплага, гуманнага, міласэрнага, здольнага разумець бліжняга і суперажываць чужому. А.М.Прышчэпа – вопытны прадметнік, кіраўнік школьнага метадычнага аб'яднання настаўнікаў філалагічнага цыклу, з задавальненнем перадае свае веды маладым калегам.
– У свой час і я вучылася ў такіх масцітых беларусазнаўцаў Клеччыны, як Яўгенія Мікалаеўна Анікей і Тамара Іванаўна Сухановіч, – з удзячнасцю ўспамінае А.М.Прышчэпа сваіх былых калег, і з асаблівым гонарам расказвае аб тым, што сярод яе вялікіх педагогаў быў сам Ніл Гілевіч.
Каб пастаянна крочыць у нагу з часам, выключную ўвагу настаўніца надае самаўдасканальванню і самаадукацыі. Штодня Алена Мікалаеўна ў пошуку: чытае метадычныя часопісы і навуковую літаратуру, каб не прамінуць ніводнай педагагічнай інавацыі. Яно і зразумела: дзецям павінна быць цікава на ўроку, тады ў іх будзе жаданне слухаць, вучыцца, спасцігаць штосьці новае.
Ва ўсіх педагогаў, як вядома, адна мэта – вучыць, развіваць, выхоўваць, але ўсе ідуць да яе рознымі шляхамі. Шмат увагі ў сваёй рабоце надае А.М.Прышчэпа развіццю індывідуальных здольнасцяў вучняў. Мабыць таму у кагорце юных кляччан, якіх вучыць Алена Мікалаеўна граматна пісаць, разважаць і выказваць свае думкі на роднай мове, нямала дзяцей, што паказваюць высокія вынікі пры здачы ЦТ па беларускай мове. Дарэчы, цяпер ЦТ лічыцца адным з самых важных паказчыкаў якасці адукацыйнага працэсу. Сёлета трое выхаванцаў Алены Мікалаеўны, выпускнікоў школы, атрымалі больш за 90 балаў. Летась яе вучаніца была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім літаратурным конкурсе, прысвечаным юбілею Ул.Караткевіча. Сама А.М.Прышчэпа тлумачыць дасягнутыя вынікі вучняў з уласцівай ёй сціпласцю: "Мне проста шанцуе на здольных дзяцей". Але ж, вядома, поспех – гэта не шанц, а плён шматгадовай стараннай працы… Вучня і НАСТАЎНІКА.
Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий