Сейчас загружается

Добры настрой i адкрытая душа – яе спадарожнiкi

%d0%bc%d0%b0%d0%ba%d1%80%d0%b5%d1%86%d0%ba%d0%b0%d1%8fДзень настаўніка асаблівы ў жыцці кожнага педагога. Для маладых – першы віншавальны. Для тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, – гэта дзень успамінаў пра свой прафесійны шлях і выхаванцаў. Для настаўнікаў сённяшніх, у багажы якіх вялікі прафесійны вопыт, – гэта дзень прыемных сустрэч з былымі і цяперашнімі вучнямі. З асаблівым настроем, напэўна, сустрэне заўтра сваё прафесійнае свята і Жанна Аляксандраўна Макрэцкая, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА "Гімназія г.Клецка". А падставай таму стануць не толькі віншаванні ад калег і блізкіх, але і шчырыя словы ўдзячнасці ад яе выхаванцаў. Накшталт тых, што атрымала рэдакцыя напярэдадні Дня настаўніка.

Жанна Аляксандраўна – строгі і патрабавальны педагог. Менавіта яна запаліла ў маім сэрцы агеньчык дапытлівасці і цікаўнасці, прымусіла паверыць у свае сілы, натхніла на дасягненне высокага рэзультату,"– расказвае ў лісце, адрасаваным любімай настаўніцы Алеся Круглік, выпускніца гімназіі, якая сёлета набрала на ЦТ па беларускай мове 92 балы. А Анастасія Буката (97 балаў) дадае: "Жанна Аляксандраўна вучыла нас не спыняцца на дасягнутым і заўсёды ісці наперад. Яна давала трывалыя веды, развівала здольнасць творча думаць, адкрывала перад намі вялікі свет з выбарам тысяч жыццёвых дарог. Гэта настаўнік, які ўмее прынесці ў клас захопленасць і перадаць яе сваім вучням, гэта цікавая асоба, з якой хочацца ўвесь час мець зносіны". Таццяна Новік, што засталася ўсяго ў адным кроку да заветных 100 балаў (яе вынік 98 балаў), таксама пераканана, што яе паступленне ў адну з самых прэстыжных ВНУ – гэта вялікая заслуга Ж.А.Макрэцкай. "Выдатнае веданне прадмета, інтэлігентнасць, адказнасць і пачуцё гумару – усе гэтыя якасці выдатна сумяшчаюцца ў Жанне Аляксандраўне. Яе крапатлівая праца дастойна павагі," – канстатуе нядаўняя выпускніца гімназіі. З душэўнай цеплынёй адгукаецца аб настаўніцы і Анастасія Новік (90 балаў): "Урокі беларускай мовы і літаратуры – гэта былі адны з замых цікавых і любімых маіх урокаў у гімназіі. Нягледзячы на тое, што падрыхтоўка да ЦТ была складанай, мы ўсё ж вытрымалі і, спадзяюся, не расчаравалі Жанну Аляксандраўну. Вялікі дзякуй ёй за тое, што пастаянна прымушала нас вучыць правілы, тэсты ўсё нейкія прыносіла, якія "абавязкова будуць у ЦТ". Зараз толькі разумееш, што не дарэмна гэта было".
Чытаючы вучнёўскія разважанні, у чарговы раз пераконваешся, што настаўнікам чалавек мае права быць толькі з дазволу Усявышняга, бо прафесія гэта асаблівая і выключная. Жыць і працаваць патрэбна так, каб на ўсіх хапала сіл і душэўнай цеплыні, клопату і багацця ведаў: і на вучняў, і на сваіх уласных дзяцей. Такога ж меркавання прытрымліваецца і мая суразмоўца, педагог з дваццацідвухгадовым стажам, які свядома абраў для сябе прафесію настаўніка, каб вучыць падрастаючае пакаленне разумнаму, добраму, вечнаму.
– Я ніколі не забуду сваю любімую Марыю Міхайлаўну Шыкуць, – кажа Жанна Аляксандраўна. – Як яна выглядала, як заходзіла ў клас і паводзіла сябе на ўроку – усё гэта мяне ўражвала. У яе, напэўна ж, як у любога чалавека, былі ў жыцці і цяжкасці, і праблемы, але яна ніколі не паказвала віду. Заўжды на яе твары была пяшчотная ўсмешка. Менавіта Марыя Міхайлаўна прывіла мне любоў да роднай мовы, што і вызначыла ў далейшым мой прафесійны лёс. Эталонам настаўнікаў былі для мяне таксама Зінаіда Уладзіміраўна Альшэўская і Таісія Мікалаеўна Плотка (выкладалі матэматыку і гісторыю, адпаведна). Адным словам, сёння я ўпэўнена магу сказаць, што не памылілася, калі пасля заканчэння другой гарадской сярэдняй школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Першыя педагагічныя крокі Ж.А.Макрэцкая рабіла ў Сіняўскай і Кухчыцкай школах.
– І зноў жа я сустрэла там педагогаў з вялікай літары – І.М.Грыцаль, А.А.Грыцаль і С.А.Мароз. Я многаму ў іх навучылася, – працягвае настаўнік свой аповед. – З бязмежнай удзячнасцю ўспамінаю Святлану Уладзіміраўну Чакун, сённяшнюю старшыню раённага Савета дэпутатаў. У тыя гады яна працавала метадыстам аддзела адукацыі райвыканкама. Бывала наведвалася да мяне на ўрокі і заўсёды пачынала аналіз іх з добрага, і толькі напрыканцы, як бы між іншым, давала пэўныя парады і, калі патрэбна было, выказвала заўвагі. Наогул, я лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо заўжды з добрым настроем іду не на працу, а на чарговае спатканне з любімымі вучнямі і калегамі.
Жанна Аляксандраўна добра разумее, што галоўная мэта ўрокаў беларускай мовы і літаратуры – фарміраванне сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, удумлівага чытача, адукаванага суразмоўцы, спагадлівага, высакароднага чалавека. Таму на кожным занятку стараецца пасеяць зерне нацыянальнай самасвядомасці, каб затым яно ўзрасло і дало добры ўраджай у выглядзе талакі адданых патрыётаў, глыбока ведаючых свае родныя карані і здольных захоўваць вытокі нацыянальнай культуры . З гэтай мэтай педагог цікава і арыгінальна распрацоўвае ўрокі па вывучэнні творчасці беларускіх пісьменнікаў. Не менш змястоўна і займальна праводзіць яна і пазакласныя мерапрыемствы ў форме гасцёўняў, творчых сустрэч, экскурсій па літаратурных і гістарычных мясцінах Беларусі. Акрамя таго, Ж.А.Макрэцкая з'яўляецца кіраўніком аб'яднання па інтарэсах "ЛІМАТ". У мінулым навучальным годзе з яе дапамогай вучні падрыхтавалі тэатральную пастаноўку па матывах дакументальнай аповесці С.Алексіевіч "У вайны не жаночае аблічча", якая была адзначана Дыпломам І ступені на раённым конкурсе тэатральных калектываў "Я маю край, Радзіму дум маіх…" Вялікую ўвагу надае метадычнай рабоце. Узначальвае раённае метадычнае аб'яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і метадычную секцыю настаўнікаў грамадска-гуманітарнага цыкла гімназіі. А калі ў коле яе адвечных спраў з'ўляецца вольная хвілінка, яна прысвячае яе сям'і і любімаму занятку – вырошчванню кветак. Любіць сустракацца з сябрамі і аднадумцамі, удзельнічаць у інтэлектуальных гульнях "Што? Дзе? Калі?"
Наўрад ці сярод нас, былых і сённяшніх вучняў, знойдзецца той, хто аспрэчыць, што прадстаўнік гэтай дзіўнай прафесіі павінен быць адукаваным, інтэлігентным, эрудыраваным, добрым і шчырым. Такім, як яна.

Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили