Даўно ведаю гэтую сціплую, працавітую жанчыну з добрымі, светлымі, як пралескі, вачыма. І пры кожнай новай сустрэчы не перастаю здзіўляцца яе энергічнасці, жыццялюбству, разважлівасці, сялянскай мудрасці. Якія б нягоды, цяжкасці ні сустракаліся на жыццёвым шляху Ніны Канстанцінаўны Бурак, жыхаркі вёскі Заельня, яна ніколі не скардзілася, не жалілася тым, хто з ёю побач, на свой лёс, успрымала жыццё такім, якое яно ёсць.
А выпрабаванняў на яе долю выпала ах, як нямала. Яшчэ пры панскай Польшчы, зведаўшы нястачу, голад, яна з братам-падлеткам ледзь выжыла ў гады фашысцкай акупацыі, рана ўключылася ў самастойную працу ў пасляваенны час, стаўшы круглай сіратой. Нялёгка было напачатку і ў калгасе, калі даводзілася ўручную выконваць цяжкую работу лічы што за “голыя” працадні. Але маладосць ёсць маладосць! У любы, нават самы гаротны час яна дае аб сабе ведаць. Бывала, напрацуецца дзяўчына на грамадскім полі за цалюткі дзень з матыгай ці сярпом, здавалася б, толькі адпачыць, а тут Кастусь прыйдзе, пастукае ў шыбу – і ўся стома прападае. Хлопец быў рухавы, працавіты, з гаспадарскай хваткай, яго не засмучала нават адсутнасць у каханай хоць якога-небудзь пасага.
– Нічога, любая, ажэнімся, завядзём сваю гаспадарку і пакрысе абжывёмся, супакойваў ён сваю выбранніцу. – А пакуль пажывём на хутары ў старэнькай хатцы.
Так яно і было. Праўда, часу на ўладкаванне свайго сямейнага гнязда маладым аказалася зусім мала – прыйшло распараджэнне ссяляцца з хутароў, пераязджаць у вёску. Толькі з чым пераязджаць, што перавозіць? Хатка – адна назва, зачапі за вугал – труха пасыплецца.
– Толькі каго гэта хвалявала, хто мог зразумець? – уздыхае Ніна Канстанцінаўна. – Самі ведаеце, што хутары тады знішчалі без усялякага разбору. Казалі, што гэта рассаднік кулакоў, аднаасобнікаў. Вось і нас, гаротнікаў, да іх прыпісалі, загадалі за адно лета з’ехаць у вёску. Добра яшчэ, што лес выдзелілі на новую хату. Але ж яго трэба было спілаваць, вытраляваць, абрабіць… А на ўсё гэта грошы патрэбны, рабочыя рукі. Толькі дзе іх узяць? Вось і прыходзілася мне самой нярэдка з маім Косцікам і лес пілаваць, і сцены новага зруба ўзводзіць, і дзетак малых даглядаць…
Слухаў я ў першы раз гэты нетаропкі, разважлівы, напоўнены памяркоўнай мудрасцю расказ-споведзь Ніны Канстанцінаўны аб яе жыцці-быцці, а ў галаве неадчэпна мроіліся радкі добра вядомага з маленства хрэстаматыйнага верша, у якім, як у кроплі вады, яскрава адлюстраваны трагізм і мужнасць яе лёсу таксама. “За всё ты бралася без страха, и, как в поговорке какой, была ты и пряхой, и ткахой, умела иглой и пилой. Рубила, возила, копала, – да разве же всё перечтешь?..”. Праўда, наўрад ці сама мая суразмоўца ведае гэтыя вершаваныя радкі (яе навучанне ў школе закончылася пятым класам), аднак тое, што яны маюць да яе прамое дачыненне – адназначна. І тым больш нечаканым было пачуць ад Ніны Канстанцінаўны такое:
– Як бы там ні было, а тыя гады я лічу самымі шчаслівымі ў сваім жыцці.
Адчуваючы маю разгубленасць, тут жа шчыра ўсміхнулася, патлумачыла:
– Кажу гэтак, успамінаючы адну байку-гісторыю, якую пачула яшчэ ў дзяцінстве ад сваёй маці. Дык вось. Жыў адзін пан – багаты, усяго ў яго хапала, аднаго толькі не было – шчасця. Знаёмы чараўнік падказаў яму, як пазбавіцца ад такой навалы: трэба панасіць кашулю шчаслівага чалавека. І паехаў пан па свеце, і ва ўсіх, хто называў сябе шчаслівым, купляў іх вопратку і насіў на сабе. Але нічога не мянялася, мабыць, не зусім шчаслівыя тыя людзі былі. А аднойчы прыехаў пан у вёску, бачыць, мужык бедны, абарваны, на кані і карове поле арэ. “Ці шчаслівы ты, мужычок?” – пытае пан. “А як жа, паночку, вельмі шчаслівы. Вось поле заараў, хлеб пасею, будзе чым шасцёра дзетак карміць. Што ж яшчэ для шчасця трэба?”. Узрадаваўся пан, што знайшоў нарэшце сапраўднага шчасліўца, кажа мужыку: “То прадай мне сваю кашулю”. А той яму ў адказ: “Рад бы, паночку, ды яе ў мяне ўжо тры гады як няма – жонка на пялёнкі малому падрала”. Тут і зразумеў пан: шчасце – не ў багацці. Сеяць хлеб і дзяцей гадаваць, карміць – вось яно, галоўнае…
Ніна Канстанцінаўна ўпэўнена, што гэта, хутчэй за ўсё, не прытча нейкая ад маці была, а жыццёвы закон, па якім і жылі раней. Таму і ў сваёй сям’і яны з мужам стараліся прытрымлівацца яго: будаваліся, гадавалі дзяцей, шчыравалі на брыгадных палетках, абрабляючы пасевы бульбы, буракоў, льну, гародніны. Адно і быў у яе перапынак, калі з’явіліся на свет двое дачушак – Валя і Ліля – ды сын Міша. Аднак і яны падрасталі, станавіліся на ногі, рана прывыкшыя да любой хатняй, сялянскай работы. І цяпер удзячны за гэта бацькам, бо тое, што закладзена ў дзяцінстве, не праходзіць бесслядоўна, вой, як дапамагае ў жыцці. Таму сёння кожны ў Заельні скажа вам, што сям’я Буракоў – гэта ўзаемаразуменне, працавітасць, шчырасць, дабрата, чыстае сумленне як бацькоў, так і дзяцей. Праўда, не стала ўжо гаспадара дома Канстанціна Андрэевіча, у горадзе жывуць абедзве дачкі з сем’ямі, рэгулярна наведваючы бабу Ніну з унукамі і ўжо праўнукам Андрэйкам. А вось сын Міхаіл застаўся працаваць у родным калгасе, цяпер сельгаскааператыве “Грыцэвічы”. І як працуе! Шчыра, добрасумленна, з’яўляецца адным з лепшых механізатараў гаспадаркі. Ніна Канстанцінаўна з гонарам паказвае граматы, пісьмы-падзякі ад райвыканкама, аблсельгасхарчу, адрасаваныя ёй за выніковую, старанную працу сына яшчэ на пачатку яго самастойнай работы ў калгасе. А цяпер ён ужо сапраўдны майстар сваёй справы – няма такой сельгасмашыны ў гаспадарцы, якая была б непадуладна яго ўмелым, руплівым рукам, а таму мае заслужаны аўтарытэт і павагу ў людзей. І гэта асабліва радуе сэрца маці, надае ёй новыя сілы: значыць, не схібілі яны з выхаваннем сына, здолелі прывіць яму неабходныя чалавечыя і прафесійныя якасці. Таму і аб колішнім самастойным выбары сына застацца пасля заканчэння дзесяцігодкі працаваць у калгасе, а не пайсці па прыкладу сясцёр вучыцца ў ВНУ, ніколькі не шкадуе.
– Хочам мы таго ці не, але хлебаробская справа павінна мець свой працяг, – разважае мая суразмоўца. – Што ж будзе, калі ўсе пачнуць пакідаць вёску?
Яна не чакае адказу на такое вось сваё рытарычнае запытанне. Бо ведае, што нічога гэтаму супрацьпаставіць нельга. Вёска павінна жыць, працаваць, каб не пуставала зямля, каб вырошчваць хлеб, урэшце, нас з вамі накарміць. Ды не адзін раз у дзень, а некалькі. Пры любым надвор’і, пры любых абставінах, нягледзячы ні на якія цяжкасці. А яшчэ Ніна Канстанцінаўна цвёрда пераканана, што менавіта ў калгасе, калектыўнай гаспадарцы селянін больш-менш наладзіў сваё жыццё: і сям’ю забяспечыў матэрыяльна, і магчымасці свае рэалізаваў у поўнай меры. Таму яе і сёння не трэба асабліва агітаваць на калектыўную працу: калі ўзнікае неабходнасць на брыгадзе ў рабочых руках і здароўе дазваляе, яна гатова ўключыцца ў выкананне той ці іншай «сельгасаперацыі». Вось і нядаўна не адмовілася ўзяць дзялку кармавых буракоў, дапамагла сённяшнім паляводам своечасова справіцца з уборкай карэнняў.
Гутарыў я з гэтай пажылой, прыкметна ўжо пасівелай, але такой прыветлівай, рухавай, жвавай жанчынай і міжволі думаў: адкуль яна бярэ сілы, бясконцы аптымізм для таго, каб і з хатняй гаспадаркай упраўляцца і дзецям, унукам яшчэ дапамагаць, і грамадскіх спраў не цурацца. Можа, усё гэта ідзе ад яе памяркоўнага характару, душэўнага складу, дабрыні, унутранай перакананасці ў тым, што яна недарэмна жыве на гэтым свеце, патрэбна ўсім – дзецям сваім, калгасу, суседзям, знаёмым. А яшчэ Ніне Канстанцінаўне дапамагае глыбокая вера ў дабро, Бога. Яна захавалася, выстаяла ў яе душы, нягледзячы на ўсе складанасці лёсу праз дзесяцігоддзі, калі ў нашай былой магутнай краіне, па-сутнасці, адмаўлялі ў гэтым праве. І цяпер вера напаўняе жыццё састарэлай жанчыны сэнсам і духоўнасцю, дае месца ў ім дабрыні і сардэчнасці, узаемаразуменню і дабрачыннасці. Гэта не тое, што ў большасці з нас, выхаваных на “маральным кодэксе будаўніка камунізма”. Дзе ён цяпер, той кодэкс, хто аб ім памятае? Дзе яна цяпер, наша перакананасць? Маятнік рэзка крануўся ў другі бок, і зараз мы з атэістаў робімся веруючымі, зацікаўліваемся іншым: маўляў, нічога не вартае ні мінулае наша, ні сучаснае, і будучыні ў нас няма. Ды проста меры не ведаем! Ні ў гардыні сваёй, ні ў самапрыніжэнні. А вось такія людзі, як мая суразмоўца, па-сапраўднаму веруючыя, гэтую меру ведаюць і дараваны Богам прыход у гэты свет стараюцца напоўніць дабром, карыснымі справамі, святлом сваёй душы.
Заўтра ў Ніны Канстанцінаўны – юбілей, 75 гадоў споўніцца. Безумоўна, прыедуць дзеці, унукі, завітаюць сваякі, суседзі. Будуць падарункі, шчырыя віншаванні, пажаданні моцнага здароўя, шчасця, якое яна заслужыла, стойка перанёсшы ўсе выпаўшыя на яе долю выпрабаванні, і яшчэ доўгіх-доўгіх гадоў жыцця на гэтым свеце. Што ж, застаецца толькі далучыцца да гэтых, здавалася б, простых і дарагіх кожнаму пажаданняў.
Іван Здрок.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий