Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка раіць людзям уважліва прыглядзецца да ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Такое пажаданне Прэзідэнт Беларусі выказаў 6 лістапада, размаўляючы з жыхарамі Магілёва. «Жадаючых паруліць нямала, але вы ўважліва іх разглядайце, глядзіце, што яны зрабілі да гэтага часу», – сказаў А.Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы прывёў як прыклад заяву аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты аб тым, што ў першы год знаходжання ва ўладзе ён мае намер аддаць Расіі трубаправодныя артэрыі, нафтаперапрацоўчыя заводы. «Калі я гэта чытаю, мне страшна становіцца і крыўдна. Гэта наш здабытак, як яго аддаць?! У каго ты спытаў?» – сказаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да жыхароў горада, А.Лукашэнка падкрэсліў: «Гэта вы павінны правільна ўсё расставіць і вызначыцца. Менавіта вы». «Наша шчасце ў нашых руках. Калі мы разам будзем як адзінае цэлае, будзем бачыць краіну, думаць пра дзяцей, мы нешта зробім. Не будзем – ні адна ўлада нам нічога адна не зробіць», – лічыць Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне «дабіліся нечага за гэтыя гады». «Не трэба гаварыць, што гэта зрабіў Лукашэнка. Ваша падтрымка выратавала краіну, дзякуючы ёй мы яе стварылі, галоўнае, цяпер яе не страціць», – сказаў ён. Што датычыцца выбараў, то Прэзідэнт прызнаўся, што пакуль пра іх не думае. «Шчыра кажучы, пра выбары нават не думаю. Але ў Мінску рана ці позна цябе тузануць па выбарах. Каб абстрагавацца ад гэтага, езджу да людзей, у поле, у вёску, каб пагаварыць з людзьмі. Таму пакуль «не хварэю» на гэты перадвыбарны настрой, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Я і чыноўнікам кажу: гэта не мае выбары. Гэта вашы выбары: вас жа будуць ацэньваць на месцах». «Пройдуць выбары. Колькі ў нас было гэтых выбараў. Галоўнае – як будзем далей жыць. Трэба глядзець наперад», – лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Копіі падпісных лістоў улічаны не будуць
Копіі падпісных лістоў не будуць улічаны пры канчатковым падліку подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Аб гэтым заявіла 5 лістапада прадстаўнік ЦВК Беларусі Н.Кісялёва на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Яна падкрэсліла, што ў гэтым пытанні трэба строга кіравацца законам. Прадастаўленне копій – гэта парушэнне, а зусім не пацвярджэнне таго, што подпісы сабраны. Выбарчым камісіям на месцах неабходна вызначыць падпісныя лісты, якія выклікаюць сумненне, і накіраваць іх у органы ўнутраных спраў для правядзення тэхніка-крыміналістычных даследаванняў. Па выніках гэтых экспертыз будзе дакладна вызначана, якія лісты – копіі. Іх выключаць з агульнай колькасці. Такім чынам, вынікі будуць падведзены без уліку копій. У сваю чаргу старшыня ЦВК Л.Ярмошына адзначыла, што ўжо цяпер вядома, што практычна кожны прэтэндэнт у кандыдаты страціў па некалькі тысяч подпісаў. Больш таго, паводле даных ЦВК, у кандыдата Правальскага толькі каля 700 сапраўдных подпісаў, а астатняе – копіі.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што ў рэгіёнах пройдуць трэнінгі для выбаркамаў. На іх будуць змадэліраваны выбары. Напрыклад, прадстаўнікі камісій змадэліруюць датэрміновае галасаванне. Можна будзе, у прыватнасці, «праіграць» розныя канфліктныя сітуацыі. «Галоўнае – сарыентаваць, як сумленна і дэмакратычна праводзіць датэрміновае галасаванне», – падкрэсліў М.Лазавік і дадаў, што тое ж самае датычыцца і іншых этапаў выбараў. Плануецца правесці такія трэнінгі ва ўсіх раёнах, гарадах абласнога падпарадкавання да 10 снежня, гэта значыць да пачатку датэрміновага галасавання. Цэнтрвыбаркам папрасіў органы мясцовай улады пасадзейнічаць у правядзенні трэнінгаў. Як растлумачыла журналістам Л.Ярмошына, трэнінгі праводзяцца па пажаданні АБСЕ. Акрамя таго, яны дадуць магчымасць членам камісій лепш зразумець парадак правядзення выбараў.
Таксама 5 лістапада на пасяджэнні была агучана інфармацыя аб парадку фарміравання асабістых фондаў кандыдатаў. Яны могуць папаўняцца з трох крыніц: уласныя сродкі кандыдатаў – да 50 базавых велічынь (цяпер гэта Br1,750 млн.), добраахвотныя ахвяраванні грамадзян Беларусі – да 10 б.в. (Br350 тыс.), ахвяраванні ад юрыдычных асоб – не больш як 30 б.в. (Br1,05 млн.). Пры гэтым апошнія могуць пералічвацца толькі па безнаяўнаму разліку. У цэлым фонд кандыдата не павінен будзе перавышаць Br105 млн. Спецыяльныя рахункі адкрыюцца ў Беларусбанку.
Кандыдаты маюць права назначаць сваіх прадстаўнікоў па фінансавых пытаннях. Гэтых людзей будуць рэгістраваць у Цэнтрвыбаркаме. Сродкі з фондаў можна будзе траціць на куплю эфіру і друкаванай плошчы ў СМІ, транспартныя расходы, друк агітацыйных матэрыялаў, арэнду памяшкання, набыццё канцылярскіх тавараў і іншыя мэты, звязаныя з правядзеннем выбарчай кампаніі. Кантроль за расходаваннем будзе ажыццяўляць ЦВК. Пры гэтым кандыдаты павінны прадаставіць першыя справаздачы з 4 па 8 снежня, а падагульняючыя – не пазней за 23 снежня.
БелТА.
Отправить комментарий