Сейчас загружается

Театральная весна гостила в Клецке

22 сакавіка завяршыўся раённы конкурс тэатральнага мастацтва "Беларусь жыве ў маім сэрцы".
Сёлета заяўку на ўдзел у тэатральных сустрэчах падалі 12 студый з агульнаадукацыйных устаноў горада і раёна. Кожная з іх прадставіла на суд тэатральных крытыкаў міні-пастаноўку паводле твораў беларускіх пісьменнікаў. Было відаць, што нягледзячы на зусім юны ўзрост акцёраў, журы, у склад якога ўваходзілі метадысты і намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорта і турызму райвыканкама, сур'ёзна і крытычна ацэньвала творчыя выступленні. Глядзелі не толькі на адпаведнасць тэматыкі конкурсу і ўзровень выканальніцкага майстэрства, але і на ўвасабленне замыслу.
Высокае акцёрскае майстэрства прадэманстравалі літаральна ўсе юныя артысты Клеччыны, а таму шкадаваць давялося ў тыя кароткія імгненні толькі аб адным, што бачыць прадстаўленні магло абмежаванае кола гледачоў – журы, кіраўнікі тэатральных студый, педагогі і вучні тых школ, якія прымалі маладых акцёраў на сваіх сцэнах. На самай справе нават той, хто ў жыцці не з'яўляецца прыхільнікам Мельпамены, пабываўшы на конкурсе тэатральных пастановак, мог атрымаць сапраўдную душэўную асалоду. Кранала ўсё, пачынаючы з падбору рэпертуара. Тут, зразумела, вялікую даніну павагі патрэбна было аддаць настаўнікам літаратуры і ў іх асобах кіраўнікам школьных тэатральных студый. Бо менавіта дзякуючы іх педагагічнаму прафесіяналізму і майстэрству, бясконцай улюбёнасці ў літаратуру, патрыятычнасці, абраную тэматыку сюжэтаў, іх глыбокую філасофскую накіраванасць змаглі дасканала асэнсаваць самадзейныя артысты, а затым, прапусціўшы праз сябе дух таго часу, які ім прапанавалася адлюстраваць, віртуозна перадалі гледачу аўтарскае бачанне жыццёвай рэчаіснасці беларускага народа. Не засталося па-за ўвагай гледача і журы граматнае валоданне мастацкім словам акцёраў – прыгожая, багатая, мілагучная, сакавітая беларуская мова, напоўненая бязмежным мноствам мастацкіх літаратурных сродкаў, як песня, лілася з вуснаў маладых выканаўцаў. Чуючы яе, дзе тут было згадзіцца з тым, што сучасная моладзь не валодае матчыным словам. Так, мова беларусаў і на самай справе доўгі час знаходзілася ў забыцці і нават забаранялася, але сёння, няхай не так часта як хацелася, але ўсё роўна выкарыстоўваецца. Яна жыве! Паказаць гэта, па ўсім адчувалася, было адной з галоўных задач арганізатараў конкурсу. І артысты спаўна справіліся з ёй, прадэманстраваўшы ўсю прыгажосць і непаўторнасць роднай мовы.
Не менш яскрава перадалі майстры сцэны менталітэт беларусаў, нацыянальны каларыт народа: характар, яго звычкі і традыцыі, вернасць і адданасць Айчыне. Кожны літаратурны ўрывак быў своеасаблівым гімнам непахіснасці і стойкасці маральнага духу беларусаў, прыкладам высакародства і чыстага сумлення нашага народа.
Каменціруючы вынікі конкурсу, старшыня журы Фаіна Васільеўна Гаўрук адзначыла:
– Нас не пакінула раўнадушнымі ніводнае выступленне акцёраў і глыбіня адлюстравання тэматыкі. Прыемна зазначыць, што з кожным годам узровень выканальніцкага майстэрства школьных калектываў расце. З поўнай упэўненасцю ад імя арганізатараў конкурсу скажу: нацыянальныя тэатральныя традыцыі будуць жыць на Клеччыне, тэатральны рух будзе актывізаваны і працягнуты, бо ў выхаванцаў ёсць зацікаўленасць і любоў да тэатральнага мастацтва. Менавіта гэты конкурс дазволіў нам адзначыць лепшых – тэатральныя студыі гарадскіх школ №1 і №3, гімназіі г.Клецка, Янавіцкай, Заастравецкай, Сіняўскай сярэдніх школ і Морацкага НПК – і паказаў астатнім, над чым патрэбна працаваць.
Зазначу, што характарызуючы акцёрскія таленты маладых кляччан, старшыня журы ні разу не са-слалася на іх узрост. Значыць, іх ацэньвалі як прафесіянальных артыстаў. А яны і ёсць сапраўдныя майстры сцэны. Брава!

Святлана Орпель.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили