Сейчас загружается

З любоўю да дзяцей пракладае шлях да беларускасцi

Людміла Станіславаўна ва ўстанове адукацыі з 2004 года. І неяк адразу яна ўпісалася ў педагагічную сям'ю. Можа, не ўсё напачатку было простым і звычайным, бо калектыў першай заўсёды вылучаўся, так бы мовіць, высокай пробай – Ганна Мацвееўна, Ірына Аляксандраўна, Марына Канстанцінаўна, Мая Уладзіміраўна... Нават прозвішчы гэтых настаўнікаў называць не трэба – здаецца, іх ведае ўвесь раён. Паспрабуй угнацца за такімі!
Аднак і сама яна не лыкам шытая! Гэта з віду Л.С.Салавей простая, прыцягальная, абаяльная, адным словам – жанчына! А ўнутры – характар! Між іншым, менавіта нораў і робіць яе адметнай. Строгая і патрабавальная! Дзеці, якія знаёмыя з ёй ўскосна, раз-пораз сустракаючыся на школьных калідорах, стараюцца не трапляць лішні раз на вочы, бо могуць незнарок "напрасіцца" на чарговы ўрок маралі – каму з іх гэта падабаецца. Бацькі, наадварот, удзячны за пільную ўвагу і клопат пра гарэз, маўляў, так ім і патрэбна, разбэсціліся – добра, што ёсць каму розум управіць.
Пра такіх, як Людміла Станіславаўна, гавораць "чалавек на сваім месцы". Яна высокапрафесійны настаўнік, бясконца ўлюбёны ў сваю справу і прадмет, які выкладае. Родная мова для яе – гэта і гісторыя Бацькаўшчыны, і культура свайго народа, і стан уласнай душы. Будні настаўніка не назавеш простымі, і калі ўсё часам надакучвае і праблемы здаюцца бясконцымі, нізка любімых вершаў ураз супакойвае, натхняе, акрыляе, пабуджае... І ў галаве ізноў адразу нараджаюцца новыя мэты, планы і задумы.
Нягледзячы на багаты педагагічны вопыт, Людміла Станіславаўна заўжды знаходзіцца ў пошуку – сучасных дзяцей няпроста чымсьці здзівіць і зацікавіць. Каб выклікаць у шкаляроў матывацыю да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, патрэбна зрабіць урок творчым, нестандартным, з цэнтральнай асобай – вучнем. Таму і імкнецца выкарыстоўваць у сваёй педагагічнай дзейнасці розныя адукацыйныя тэхналогіі.
Людміла Станіславаўна вядзе мэтанакіраваную работу з адоранымі вучнямі па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд. У 2017 і 2018 гадах яе вучаніца стала дыпламантам III ступені трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Ганна Леаненя – па сваёй прыродзе адораная дзяўчынка, але без дапамогі настаўніцы, як прызнаецца, не змагла б настолькі раскрыць свае здольнасці: "Гэта педагог, які вядзе і накіроўвае сваіх вучняў па краіне ведаў. Таленавітая, мудрая. У ёй выдатна спалучаюцца і строгасць, і дабрыня , і клопат аб вучнях. Дзякуючы такому педагогу веды і цікавасць да вывучэння роднай мовы прымнажаюцца з кожным урокам".
Не першы год працуе настаўніца ў профільных групах, дзе беларуская мова вывучаецца на павышаным узроўні. Сярэдні бал па прадмеце ў іх на працягу двух гадоў складае 8,5 балаў. Акрамя таго, яе выпускнікі паказваюць добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні: у 2017 годзе – 75, у 2016-ым – 77, у 2015-ым – 87 балаў.
Яна выдатны класны кіраўнік, умее знайсці ключык да душы кожнага дзіцяці. Заўсёды імкнецца з любоўю ісці да сваіх выхаванцаў – розных і непрадказальных. Педагог будуе адносіны з вучнямі на прынцыпах узаемаразумення, аптымізму, павагі і даверу. Арганізуе і праводзіць мноства цікавых пазакласных мерапрыемстваў, асабліва клапоціцца пра пераемнасць традыцый, бо ўпэўнена, што мова павінна жыць, каб "не ўмёрлі!".
За выніковасць работы, творчыя падыходы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу сёння, на раённым Свяце Працы, Людмілу Станіславаўну Салавей будуць ушаноўваць у ліку лепшых прадстаўнікоў Клеччыны. Яна стараецца працаваць так, каб з годнасцю адпавядаць высокаму званню НАСТАЎНІК.

Святлана Орпель.
Фота Іны Федарчук.

1 комментарий

comments user
паш

Будзе жыць народная мова будзе иснаваць РЭСПУБЛИКА Хвала таким настауникам хто прывивае любоу да матчынай мовы

Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Отправить комментарий

Возможно, пропустили