У цяперашні час у Беларусі 21,8% насельніцтва пенсіённага ўзросту – ва ўзросце старэй чым 60 гадоў, і гэта доля працягвае расці. Па прагнозах, да 2020 года частка павелічэння насельніцтва ва ўзросце старэй чым 60 гадоў наблізіцца да 28%. Сярод пажылых людзей нямала тых, якія застаюцца пад старасць зусім адзінокімі. Прычыны на тое розныя: хтосьці не мае дзяцей, у другіх яны далёка. Як жывецца гэтым людзям? Хто дапамагае ім пераадольваць паўсядзённыя праблемы, якія для маладых і здаровых людзей на сам рэч перашкодай для нармальнай жыццядзейнасці не з’яўляюцца, а з узростам становяцца сапраўднай складанасцю, не даюць чалавеку адчуваць асалоду жыцця? Да каго могуць звярнуцца гэтыя людзі са сваімі просьбамі, на чыю падтрымку могуць разлічваць? Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў ходзе чарговага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта на мінулым тыдні. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне А.М.Мелюк праінфармавала прысутных аб выкананні Комплекснай праграмы па ўдасканаленню сістэмы сацыяльнай работы з адзінокімі грамадзянамі пажылога ўзросту ў нашым раёне ў мінулым годзе. У прыватнасці, яна зазначыла, што ў раёне складзены пашпарты сацыяльна-дэмаграфічнай структуры ў разрэзе кожнага сельскага Савета і горада. Па стану на 1 студзеня 2010 года налічвалася 6032 адзінока пражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў, 1002 – адзінокіх непрацаздольных.
Што ў немаладым узросце хвалюе найбольш востра? Безумоўна, здароўе. У мінулым годзе праведзена абследаванне адзінокіх пажылых і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ад дадзенай катэгорыі грамадзян паступіла 1199 заявак, якія летась былі вырашаны на 99,2%, астатнія выкананы сёлета. У раёне працуе герыатрычны кабінет, які аказвае кансультацыйна-медыцынскую дапамогу асобам ва ўзросце за 60 гадоў, маецца 8 дзённых стацыянараў на 87 ложкаў, дзе за мінулы год пралечана 1432 пажылыя пацыенты, што складае 56% ад усёй колькасці. У кругласутачных стацыянарах паправілі здароўе 1146 пажылых хворых, у стацыянарах на доме – 43. У шпіталі і палатах для інвалідаў Айчыннай вайны за 2009 год атрымалі медыцынскую дапамогу 90 адзінокіх грамадзян, 30 атрымалі пуцёўкі ў санаторыі для аздараўлення. У раёне працуе Даматканавіцкая бальніца сястрынскага догляду на 20 ложкаў, аб рабоце якой летась расказвала раённая газета. Акрамя таго, 34 сацыяльныя ложкі функцыянуюць на базе участковых бальніц. 11 чалавек змешчаны ў дамы-інтэрнаты, у тым ліку 7 адзінокіх пажылых. З 2006 года вядуцца работы па праекце “Перапрафіліраванне Заляшанскай СШ у аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў”.
Адладжанай работай у раёне можна лічыць абслугоўванне адзінокіх і адзінока пражываючых пенсіянераў на доме. У гэтым не аднойчы пераконваліся і журналісты газеты, бываючы ў камандзіроўках. Дадзенай паслугай аддзялення сацыяльнай дапамогі ТЦСАН карыстаецца 19,7% ад агульнай колькасці адзінокіх і адзінока пражываючых, да якіх наведваюцца 128 сацыяльных работнікаў. Туды, дзе патрэбна дадатковая сіла, на дапамогу выязджае мабільная брыгада. За мінулы год яна выклікалася 741 раз. Але не толькі цэнтр аказвае дапамогу. Напрыклад, у мінулым годзе свае прысядзібныя ўчасткі 40 чалавек апрацавалі з прыцягненнем транспарта аўтабазы райпо, 665 – сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Скошваннем травы займаўся камбінат бытавога абслугоўвання.
Не застаецца па-за ўвагай і аказанне фінансавай падтрымкі тым, хто мае ў ёй патрэбу. За 2009 год 290 грамадзян пажылога ўзросту атрымалі дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу на суму 40,8 млн.рублёў, у тым ліку 131 адзінокі на суму 20,8 млн. рублёў, 194 чалавекі атрымалі матэрыяльную дапамогу для набыцця паліва і лякарстваў з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, у тым ліку 69 адзінокіх на суму 7,7 млн.рублёў. 44 састарэлым аказана дапамога да юбілейных датаў са сродкаў мясцовага бюджэту.
Для паляпшэння медыцынскага, гандлёвага, сацыяльнага і бытавога абслугоўвання пажылых людзей, з мэтай развіцця сеткі нестацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання ў аддаленых вёсках раёна функцыянуюць 15 Дамоў сацыяльных паслуг. За мінулы год туды наведаліся 341 раз спецыялісты розных службаў. Ва ўстановах адукацыі працуюць 22 цімураўскіх атрады, члены 23 валанцёрскіх атрадаў шэфствуюць над 305 адзінокімі пажылымі і інвалідамі.
Асобна можна спыніцца на пытанні супрацьпажарных мерапрыемстваў. Ва ўсіх сельскіх Саветах створаны аглядавыя камісіі па правядзенню пажарна-тэхнічнага абследавання. За мінулы год у 98 домаўладаннях адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян устаноўлены АПІ за лік сродкаў мясцовага бюджэту на суму 1,7 млн.рублёў, 60 пажылым грамадзянам праведзены рамонт пячнога ацяплення, 75 састарэлым зроблены рамонт электраправодкі.
Дакладчык адзначыла, што нягледзячы на праводзімую ўсімі службамі работу па выкананні мерапрыемстваў праграмы, сацыяльна-бытавое абслугоўванне пажылога насельніцтва раёна патрабуе паляпшэння. Аб шляхах вырашэння ўзнятых праблем гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня Заастравецкага сельскага Савета дэпутатаў В.М.Садкоўскі, намеснік начальніка РАНС А.В.Жукоўскі, старшыня Клецкага райспажыўтаварыства Г.А.Шастак, намеснік дырэктара ДУП “Аўтапарк №8” г.Нясвіжа М.Ф.Якубовіч, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы А.Ф.Штэльмах.
Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне з канкрэтнымі даручэннямі ўсім зацікаўленым службам.
У пасяджэнні райвыканкама прымалі ўдзел старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі З.К.Ломаць, кіраўнік спраў Мінскага аблвыканкама І.С.Маркевіч, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Т.М.Антановіч.
Падрыхтавала Жанна Гардзіевіч.
Отправить комментарий