Сейчас загружается

…На карысць простаму чалавеку

У ліку прыярытэтных пытанняў, якія абмяркоўваліся дэлегатамі на IV Усебеларускім Народным сходзе, значыліся тыя, што закраналі розныя бакі жыцця беларусаў. Выступаючы на форуме, які сабраў прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, Кіраўнік краіны паставіў задачу павысіць камфортнасць жыцця насельніцтва Беларусі і максімальна наблізіць яго да еўрапейскага ўзроўню. Каб на практыцы ажыццявіць гэту задачу, патрэбна ведаць, што турбуе і непакоіць народ. Менавіта з мэтай умацавання сувязі з людзьмі, вывучэння меркаванняў насельніцтва па розных праблемах ва ўсіх рэгіёнах Беларусі практыкуюцца розныя формы работы. Якія з іх надзейна ўкараніліся на Клеччыне, я папрасіла расказаць старшыню раённага Савета дэпутатаў Святлану Уладзіміраўну Чакун:

– Як паказаў час, у нашым раёне добра прыжыліся і маюць пэўны вынік сходы грамадзян, сустрэчы з членамі ІПГ, прамыя і гарачыя тэлефонныя лініі, пад час якіх жыхары раёна па тэлефоне могуць задаць свае пытанні, выказаць заўвагі і пажаданні ў адрас упраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікоў раённых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый. Двойчы ў год праводзяцца справаздачы дэпутатаў перад выбаршчыкамі, а іх вынікі аналізуюцца ў раённым Савеце дэпутатаў. Разам з тым літаральна некалькі год назад у нас была ўкаранёна такая форма работы, як дзень дэпутата. Ініцыятыва гэта нарадзілася ў Мінскім абласным Савеце дэпутатаў, мы паспрабавалі выкарыстаць яе на Клеччыне і не памыліліся. У другую сераду месяца па загадзя распрацаваным графіку дні дэпутатаў праходзяць па чарзе ў кожным сельскім Савеце, у рамках іх абавязкова арганізуюцца сустрэчы з насельніцтвам, вядзецца прыём грамадзян на месцах і ў аддаленых населеных пунктах, абмяркоўваюцца пытанні жыццязабеспячэння насельніцтва з дэпутатамі мясцовых Саветаў усіх узроўняў, старастамі вёсак, кіраўнікамі размешчаных на тэрыторыі сельсавета арганізацый, наведваюцца неблаганадзейныя сем’і, сем’і групы рызыкі, абавязаныя асобы раёна. Каб зрабіць дні дэпутатаў яшчэ больш эфектыўнымі, сёлета мы вырашылі запрасіць прымаць удзел у іх дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і члена Савета Рэспублікі.
У лютым навацыя ўжо выкарысталася на практыцы і ў апошнім дні дэпутата, што прайшоў у Грыцэвіцкім сельскім Савеце, брала ўдзел Алена Аляксандраўна Новік. Сваімі ўражаннямі і меркаваннямі яна дзеліцца з чытачамі раённай газеты:

– Пытанне, якое было вынесена на парадак дня ,“Аб гандлёва-бытавым абслугоўванні насельніцтва”, на маю думку, вельмі важнае. На тэрыторыі Грыцэвіцкага сельскага Савета гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляюць 8 магазінаў райспажыўтаварыства, пункт грамадскага харчавання кафэ “Гасцінец” на 49 пасадачных месцаў і 2 магазіны індывідуальных прадпрымальнікаў (у вёсках Цясноўка і Драбаўшчына), у аддаленых вёсках Чаша, Берацава, Светлая, дзе не працуюць магазіны, наладжаны выязны гандаль (тры разы на тыдзень у гэтых населеных пунктах бывае аўталаўка). Бытавым абслугоўваннем вяскоўцаў займаюцца 2 комплексна-прыёмныя пункты: у аграгарадках Грыцэвічы і Арэшніца.
Перш, чым весці размову сумесна са старшынёй раённага Савета дэпутатаў С.У.Чакун, мы пабывалі ў радзе гандлёвых кропак і на комплексна-прыёмных пунктах у аграгарадках Арэшніца і Грыцэвічы.
Прыемнае ўражанне засталося пасля наведвання магазіна ў Арэшніцы. Чыста, утульна, даволі шырокі асартымент тавараў у спалучэнні з ветлівасцю, камунікабельнасцю загадчыка магазіна Т.К.Ільюкевіч дае падставу зрабіць выснову аб якасным аблугоўванні насельніцтва ў гэтай гандлёвай кропцы. А гутарка з мясцовымі жыхарамі канчаткова нас у гэтым пераканала. Многа цёплых слоў з іх боку было выказана ў адрас Тамары Канстанцінаўны.
Наступным прыпынкам у нашым маршруце быў магазін у вёсцы Драбаўшчына. Скаргаў з боку насельніцтва тут мы таксама не пачулі. Размешчаны на полках асартымент харчовых тавараў, на маю думку, здольны задаволіць попыт пакупнікоў. А вось што тычыцца самога будынка, то ўнутры ён, без сумненняў, патрабуе рамонту, неабходна замяніць і халадзільнае абсталяванне. Ідуць да завяршэння рамонтныя работы на комплексна-прыёмным пункце ў аграгарадку Арэшніца.
Усе перамены, якія ў апошнія гады адбываюцца ў беларускіх вёсках, скіраваны на паляпшэнне якасных параметраў жыцця людзей, на стварэнне камфорту ў кожным населеным пункце. Для гэтага затрачваюцца дзяржаўныя сродкі, і выкарыстоўваць іх неабходна разумна. Аднак гэта бывае не заўсёды так. Да прыкладу, паклеены шпалеры, але ацяпленне адсутнічае. Што будзе з імі, калі ўключаць цяпло, – вядома ўсім. Можа, як хтосьці падумае, праблема гэта і сапраўды невялікая, але асабіста я такі падыход характарызую, як абыякавыя адносіны да работы, бо менавіта з такіх “дробязных”, на першы погляд, акалічнасцей складаецца наша жыццё. Забетаніравалі сцежку да магазіна ў в.Драбаўшчына, а бардзюры не ўстанавілі. Што маем сёння? Яшчэ прывяду да прыкладу адзін адрас безуважнасці: на працягу двух месяцаў цырульнік на комплексна-прыёмным пункце ў агр.Грыцэвічы не здае выручку. Чаму склалася такая сітуацыя? Ці сапраўды ніхто з жыхароў акругі ні аднаго разу не наведваў цырульню? Згодна з нормамі сацыяльных стандартаў, колькасць аказваемых бытавых паслуг насельніцтву ў Грыцэвіцкім КПП не выконваецца. Неабходна прадоўжыць работы па добраўпарадкаванні і азеляненні аб’ектаў гандлёва-бытавога абслугоўвання. У прыватнасці, гэтыя і другія пытанні і ўзнімаліся пад час правядзення раённага дня дэпутата.
Хвалявалі і асобныя праблемы ў гандлёвым абслугоўванні і жыхароў вёскі Заельня. Нараканняў ніхто з прысутных не выказаў, што заслугоўвае слоў падзякі работнікам гандлю. Аднак, у сувязі з аддаленасцю ад магазіна вуліцы Якуба Коласа, жыхары састарэлага ўзросту выказалі просьбу арганізаваць выезд аўталаўкі. Дырэктар Заастравецкага РГП Г.П.Максімовіч паабяцала прааналізаваць сітуацыю і вырашыць пытанне (аўт.: пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку яно вырашана станоўча).
Увогуле, неабходна адзначыць, што дзень дэпутата прайшоў шчыра і адкрыта. Адбылася жывая гутарка паміж вяскоўцамі і адказнымі работнікамі. Кожны мог выказаць свой пункт гледжання. Мне здаецца, што такая форма работы – адна з найбольш эфектыўных і карысных, як для нас, так і для выбаршчыкаў. Мы, дэпутаты, у сваю чаргу, пачуўшы пра людскія праблемы, становімся бліжэй да іх. Вясковыя жыхары, выказваючы асабістыя просьбы, даючы парады пры абмеркаванні пытанняў дзяржаўнай значнасці, па сутнасці, бяруць удзел у кіраванні краінай. Усе важныя рашэнні сапраўды прымаюцца з улікам іх пазіцыі. Безумоўна, гэта на карысць простаму чалавеку.
Асноўная задача дэпутата – гэта рэгулярная работа з людзьмі. Прыцягненне дэпутатаў усіх узроўняў да карпатлівай растлумачальнай і выхаваўчай работы з насельніцтвам з’яўляецца неадкладным абавязкам Саветаў. За дэпутатамі замацаваны выбарчыя акругі, дзе пражываюць неблаганадзейныя сем’і, сем’і групы рызыкі, абавязаныя асобы раёна, інваліды, ветэраны вайны і працы, пенсіянеры, моладзь і другія катэгорыі грамадзян, якім пастаянна неабходны ўвага, свежая інфармацыя, некаторым – канкрэтная дапамога і падтрымка, другім – проста добразычлівы суразмоўца. Гэта і спрабуюць забяспечваць дэпутаты ў сваёй акрузе.

Падрыхтавала Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили