Кожны год, напярэдадні свята Вялікдзень, я з бацькамі іду на могілкі. Там мы прыбіраем месца захавання нашых блізкіх. Даўно няма маіх бабуль Марыі і Ганны, дзеда Івана, але іх выдатна памятаю. Яны мяне вельмі любілі, песцілі. Цяпер разумею, шчаслівы той, у каго ёсць такія родныя. Калі гляжу на партрэт дзеда Івана, заўсёды ўспамінаю яго наказ: «Не забывайце наводзіць гадзіннік!»
Помню, ён быў зусім слабы, яму стала цяжка хадзіць, амаль увесь час ляжаў у ложку, але кожны панядзелак збіраўся з сіламі, уставаў і ішоў да гадзінніка, які вісіць у нас на сцяне, каб навесці.
– Чаму табе гэта так важна? – аднойчы я спытаў. І той расказаў мне гісторыю, якую яму калісьці распавядала яго маці Ганна.
У вёсцы Сіняўка перад вайной жылі яўрэі. Пасля акупацыі мястэчка летам 1941 года немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння мірнага насельніцтва, арганізавалі тут гета, якое было агароджана калючым дротам. У жніўні 1943-га ўсім яўрэям далі наказ выйсці з дамоў. Некаторыя з іх узялі з сабой з хаты самае каштоўнае. На дарозе паставілі два кулямёты, і пад іх прыцэлам немцы гналі калону людей па Пінскім тракце ўніз, да месца растрэлу. Мясцовыя жанчыны і дзеці стаялі ўздоўж дарогі і з жахам назіралі за гэтай падзеяй. Яўрэі падбягалі да жыхароў і аддавалі ім свае каштоўнасці. Сярод сведкаў таго, што адбывалася ў той дзень, аказалася і маці дзеда Івана – мая прабабка Ганна. Да яе падбег адзін высокі, худы, чарнявы, вельмі спуджаны мужчына, а ў руках трымаў нешта закручанае ў дзяружку. У суматосе сунуў ёй гэты вялікі скрутак і папрасіў зберагчы яго, паабяцаў, што абавязкова вернецца і забярэ. Прабабка спалохана схапіла тое, што даверыў захаваць незнаёмец. Сэрца яе выскоквала з грудзей. Не чуючы пад сабой ног, мінула мястэчка і дабегла да сваёй хаты. Усю дарогу яе не пакідалі думкі: «Што там? Нейкая цвёрдая скрынка. А ў ёй? Няўжо дзіцятка?» Дома яна зняла дзяружку і ўбачыла насценны гадзіннік. Прыгожы, з бліскучым цыферблатам, круглым маятнікам і спецыяльным ключыкам, каб наводзіць. Нягледзячы на прыгажосць рэчы, не адважылася павесіць яе, схавала ў куфар.
На наступны дзень людзі казалі, што ўсіх тых палонных прывялі ў Нарэшавічы. На ўскрайку лесу іх садзілі на зямлю па дзесяць чалавек, прымушалі распранацца і далей гналі да растрэльнай ямы. Яе загадзя загадплі выкапаць саміх яўрэяў, салгаўшы, што гэта будзе ім бомбасховішча. Затым іх паставілі ўздоўж катлавана і пачалі знішчальную аперацыю. І раненых, і тых, хто загінуў адразу, – усіх немцы засыпалі ў агульнай магіле. Вяскоўцы, якія пражывалі непадалёку, гаварылі, што зямля, дзе ляжалі забітыя яўрэі, «ходырам хадзіла» яшчэ суткі і чуліся стогны.
Мая прабабка зразумела, што гаспадар за гадзіннікам не вернецца. Прайшоў час, пасля ўсіх жахаў вайны яна ўсё ж такі асмелілася дастаць таемную рэч з куфра. «Падарунак» яўрэя прымацавалі да сцяны, прыладзілі прыгожы маятнік і накруцілі ключыкам спружыны.
Дзядуля ўспамінаў, як яны, дзеці, радаваліся, калі гадзіннік ўпершыню прабіў боем чатыры гадзіны. З таго часу ён стаў сямейнай рэліквіяй.
Я зразумеў, чаму так важна яму было яго навесці. Гэта была памяць пра маці, пра яго жыццё.
Звяраючы час па прыгожым цыферблаце, спраўлялася з нялёгкім пасляваенным жыццём мая прабабка, нарадзіла і выгадавала чатырох сыноў. А калі дзед Іван ажаніўся на бабе Ганне, яны пабудавалі новую хату і першым занеслі ў яе той самы гадзіннік. З'явіліся на свет іх дзеці: мой бацька Лёня, дзядзькі Іван і Вова. Яны добра ведалі гісторыю гэтай рэліквіі, але наводзіць яе дазвалялася толькі дзеду.
Пасля яго смерці (а гадзіннік яму адлічыў 80 гадоў), мы з татам выконваем яго наказ: кожны панядзелак у нашым доме пачынаецца з таго, што трэба навесці ўжо даўно стаўшы нашым швейцарскі насценны «Gustav Becker».
Усе нашы родныя па бацькавай лініі збіраюцца на Радаўніцу у нас. Маці накрывае стол ў тым пакоі, дзе вісіць легендарная рэч, успамінаем усіх памерлых і абавязкова растралянага палоннага.
З таго часу, як прабабка Ганна яго ўпершыню завяла, прайшло 75 гадоў і ён ні разу не спыняўся, не быў у рамонце. Мы беражом падарунак Сіняўскага яўрэя і спадзяемся ён сваім магутным боем адгоніць беды, хваробы і «націкае» нам усім шчаслівае, доўгае і мірнае жыццё.
Аляксей Кулеш, навучэнец 10 класа гімназіі г.Клецка.
Отправить комментарий