На працягу сваёй гісторыі Беларусь не аднойчы рабілася аб’ектам дзяльбы з боку мацнейшых суседзяў. Адвольна праведзеныя межы перасякалі край у розных напрамках. Дзяржаўныя граніцы раптоўна ўзнікалі там, дзе іх ніколі не было і не павінна было быць.
18 сакавіка 1921 г. у Рызе паміж прадстаўнікамі РСФСР і УССР з аднаго боку і Польскай Рэспублікі з другога быў падпісаны мір, які падвёў рысу пад двухгадовай савецка-польскай вайной. Пад уладу Польшчы пераходзіла 112 тыс. кв.км беларускіх зямель, на якіх жыло звыш 4 млн.чалавек. У артыкуле, які вызначаў новыя межы, у прыватнасці, было сказана: “…усходнюю граніцу Польшчы… складае лінія… паміж Нясвіжам і Цімкавічамі (на захад ад Кукавіч); …далей сярэдзіны дарогі паміж Клецкам і Цімкавічамі; …перасякаючы Маскоўска-Варшаўскую шашу на захад ад в.Філіпавічы, пакідаючы в.Ёдчыцы на баку Польшчы; …на поўдзень да р.Морач, пакідаючы Ст.Макраны, Задвор’е, Макраны і Хорапаль на баку Беларусі, а в.Цецеравец, Асташкі, Лазавічы і Н.Макраны – на баку Польшчы; …далей уніз па рацэ Морач”. Сёння па гэтай лініі праходзіць адміністрацыйная мяжа паміж Клецкім і Капыльскім раёнамі. А тады граніца падзяляла дзве абсалютна розныя дзяржавы і адзіны народ. Не дзіўна, што ў першыя месяцы праз мяжу ішоў паўнамаштабны рух, асабліва па начах. Сноўдалі ў розныя бакі кантрабандысты, вярталіся на радзіму бежанцы, уз’ядноўваліся раскіданыя вайной сем’і.
Але галоўнай небяспекай былі ўзброеныя атрады, якія дзейнічалі з абодвух бакоў. Жыццё пагранічча было неспакойным. 19 красавіка 1921 г. атрад чырвоных захапіў у Грыцэвічах 28 мужчын і вывеў іх у Семежава. Пры гэтым на зваротным шляху, у Ёдчыцах, спаліў чатыры хаты. Падобным чынам паводзілі сябе на савецкай тэрыторыі аддзелы “балахоўцаў”, якія прыходзілі “з Польшчы”. У верасні 1921 г. у Нясвіжы пачаў дзейнічаць Беларускі камітэт абароны Радзімы і свабоды – вайсковая арганізацыя, якой падпарадкоўвалася некалькі атрадаў па 40-50 чалавек, што рабілі рэгулярныя дыверсійныя рэйды на савецкі бок. Для барацьбы з імі Савет народных камісараў БССР мусіў ужываць самыя рашучыя меры. Адна з дырэктыў, накіраваных у прыгранічныя паветы, патрабавала не дапускаць “прасочвання праз мяжу банд Балаховіча” і выносіць “жорсткія прысуды, аж да растрэла, пасля ўрачыстага і публічнага судовага працэса”. Дзякуючы суровым захадам, ужо да 1923 г. на савецкім баку нелегальны рух быў у асноўным спынены. На “польскім” жа баку, г.зн. на Клеччыне, склалася іншая сітуацыя.
Вясной 1922 г. у Дзяніскавіцкім і Машукоўскім лясах з’явіўся партызанскі атрад пад камандаваннем К.Арлоўскага. У дакументах польскай разведкі адзначалася, што ён добра ўзброены і налічвае да 500 байцоў. Партызаны нападалі на польскіх асаднікаў і сядзібы радзівілаўскага лясніцтва, палілі дзяржаўныя ўстановы, ажыццяўлялі дыверсіі на дарогах. Падобныя атрады дзейнічалі і ў іншых кутках Заходняй Беларусі. Яны карысталіся падтрымкай насельніцтва, а праз амаль некантраляваную мяжу атрымлівалі зброю, медыкаменты і г.д. Польская паліцыя, якая несла пагранічную службу, была не ў стане перашкодзіць гэтаму. Да таго ж, ёй даводзілася змагацца з кантрабандыстамі, крымінальнікамі і проста нелегальнымі парушальнікамі. Для выяўлення злачынцаў, канфіскацыі зброі, кантрабанды, камуністычнай літаратуры часта праводзіліся аблавы. Прыкладна кожная другая завяршалася безвынікова з-за кепскай арганізацыі і малой колькасці задзейнічаных сіл. Паліцыі не хапала вопыту, ды і само абсталяванне граніцы прымушала жадаць лепшага. Напрыклад, у Каранеўшчыне паліцэйскія кватаравалі па хатах, а вартоўняй (каравульным памяшканнем) служыла вялікая зямлянка.
Будучы не ў стане эфектыўна ахоўваць мяжу і змагацца з партызанскім рухам, польскі ўрад летам 1924 г. абвясціў Навагрудскае ваяводства (куды ўваходзіла і Клеччына) на асадным становішчы, а супраць партызан накіраваў войскі. У верасні пачалося фарміраванне адмысловых частак – Корпуса аховы памежжа (КОП – з польскай мовы – аўт.). Гэтыя меры прывялі да паступовага патухання ўзброенай барацьбы. У маі 1925 г. атрад Арлоўскага быў расфарміраваны. Яго прадстаўнікі або вярталіся да мірнага жыцця, або паасобку пераходзілі на савецкі бок. Апошняе ўдалося не ўсім. Каля вёскі Колкі байцамі быў забіты партызан Ігнат Швайка. Ён стаў адной з апошніх ахвяр неабвешчанай “пагранічнай вайны”.
З 1925 да 1939 г. становішча на гэтай тэрыторыі было спакойным. Клеччына ўваходзіла ў 30-кіламетровую прымежную паласу. Тут жыццё падпарадкоўвалася пэўным правілам, якія адрозніваліся ад тых, што дзейнічалі на астатняй тэрыторыі дзяржавы. Гэта датычылася абмежавання некаторых правоў. У першую чаргу – свабоды перамяшчэння, набыцця маёмасці, стварэння грамадска-палітычных арганізацыі і г.д. Ахову мяжы неслі жаўнеры 9-га батальёна КОП “Клецк”, які ўваходзіў у склад пагранічнага палка “Сноў”. Полк уключаў у сябе таксама падраздзяленні “Стаўбцы” і “Сноў”, кавалерыйскія эскадроны “Клецк” і “Стаўбцы”, артылерыйскую батарэю “Клецк”, сапёрную роту “Стаўбцы”. Зона адказнасці 9-га батальёна складала 37,738 км. ад пагранічнага слупа №876 да слупа №942. З поўдня яго суседам быў батальён “Людвікова”, з поўначы – “Стаўбцы”. З другога боку мяжу ахоўваў 17-ты Цімкавіцкі пагранічны атрад.
У Клецку знаходзіўся штаб, пяхотная рота, кулямётная каманда, звяз сувязі. Тут жа размяшчаліся кавалерыйскі эскадрон, батарэя лёгкіх гармат і жандармерыя. Тры пагранічныя роты стаялі ўздоўж мяжы. Вось якой была іх дыслакацыя ў 1938 г. Штаб 1-й размяшчаўся ў Любянцы на Брэст-Маскоўскай шашы ў 6 км на ўсход ад Грыцэвічаў, 2-я дыслацыравалася ў Хамінцы, 3-я – у Смалічах (Нясвіжскі раён). Непасрэдна на граніцы размяшчаліся т.зв. стражніцы – пагранічныя заставы. На ўчастку 9-га батальёна было іх восем: у Марусіне, Палаўковічах, Цыцкавічах, Каранеўшчыне, Вялікай Балвані, Цецераўцы, Кунцаўшчыне і Галінове (вёска аб’ядналася з Узногай).
Па стану на 30 красавіка 1935 г. падраздзяленне налічвала 18 афіцэраў. Старажылам сярод іх быў кватармайстар капітан Ян Ярмінскі, які займаў гэту пасаду з 20 верасня 1928 г. А самым маладым – паручнік Тадэуш Вронскі, малодшы афіцэр кулямётнай роты, які быў прызначаны ў той самы дзень. Ад 1 ліпеня 1934 г. батальён узначальваў маёр Станіслаў Курч. А ўжо праз 4 гады склад камандавання цалкам змяніўся. У асабістых спісах па стану на 23 сакавіка 1939 г. няма ніводнага “старога” прозвішча. Да таго ж, іх колькасць на аднаго павялічылася. Цяпер кіраваў падпалкоўнік Яцэк Юра. Яго намеснікам лічыўся маёр Чэслаў Ямка. Акрамя іх там служыла 9 капітанаў і 8 паручнікаў. Многія мелі баявы вопыт. Напрыклад, камандзір 2-й роты, капітан Зыгмунт Ян Кледзік, удзельнічаў у вайне за незалежнасць Польшчы. Быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі: сярэбраным крыжам “Віртуці Мілітары” (вышэйшай вайсковай узнагародай Польшчы), тройчы – Крыжам Храбрых, медалём Незалежнасці. Усяго ў 1939 г. батальён налічваў 19 афіцэраў, 59 падафіцэраў, 20 жаўнераў звыштэрміновай службы, якія займалі інструктарскія пасады, і 563 салдаты (60 з іх былі выпускнікамі вучэбнай роты і мелі ступені старшага стральца або капрала), існаваў аркестр з 12 чалавек, працавала трое цывільных функцыянераў, служыў вайсковы капелан.
Хаця на граніцы захоўваўся спакой, не абыходзілася без непрыемных здарэнняў. У лістападзе 1937 г. навагрудская газета паведаміла пра выпадак, які адбыўся з асаднікам Раманам Зубам у Грыцэвіцкай гміне. Разам з жонкай Раман зграбаў высушанае сена ў нейтральнай паласе, маючы адпаведны дазвол польскіх уладаў. Аднак савецкі патруль палічыў іх парушальнікамі і арыштаваў, даставіўшы на заставу ў Цімкавічы. Толькі праз тры дні, пасля перамоў няўдалых гаспадароў перадалі прадстаўнікам КОП.
Як і ў кожнай арміі, у аддзелах КОП рэгулярна адбываліся тактычныя заняткі. 2 чэрвеня 1937 г. эскадрон “Клецк” праводзіў конныя вучэнні ў Каўпеніцкім лесе. А ўжо 9 чэрвеня – у раёне Вароніна. Раніцай войска пад камандаваннем ротмістра Нэймана адпрацоўвала абарону і наступленне з выкарыстаннем кулямётаў. А днём аддзяленне паручніка Дабравольскага арганізавала вучэбную засаду ў Варонінскім лесе. Праз тыдзень чарговы «бой» пад Астроўчыцамі. Апошняя ў тым месяцы кавалерыйская “сутычка” адбылася пад Клецкам 23 чэрвеня. Частка эскадрона ахоўвала мост, які павінны былі захапіць і знішчыць іх калегі.
У пагранічнікаў склаліся добрыя адносіны з мясцовым насельніцтвам. Жаўнеры і афіцэры былі частымі гасцямі ў школах. Былы вучань Гурнаўскай сямігодкі А.Харытановіч прыгадвае: “Школа стаяла блізка ад мяжы. Максімум – у кіламетры. І амаль штодня да нас заходзілі салдаты КОП. Падарылі нам радыёпрыёмнік, прыязджалі з кінатэатрам. Паказвалі яшчэ “нямое” кіно. Вучылі нас страляць з дробнакалібернай вінтоўкі. Помню, што ў мяне гэта няблага выходзіла, і я атрымаў узнагароду – нейкую кніжку з памятным надпісам”. Да батальённага доктара за дапамогай звярталіся многія кляччане, ён нікому не адмаўляў. Вайсковы аркестр граў на гарадскіх святах, а стараннямі афіцэраў арганізоўваліся кінасеансы. Прынамсі, двойчы на год (на Дзень Канстытуцыі – 3 Мая і Дзень Незалежнасці – 11 лістапада) праходзілі вайсковыя парады. Папулярнымі былі акцыі кшталту збору грошай на абарону. Так, на ахвяраванні жыхароў Сіняўскай гміны быў набыты кулямёт, які ва ўрачыстай абстаноўцы перадалі прадстаўнікам камандавання.
Гісторыя памежнай Клеччыны скончылася ў верасні 1939 г. Пасля нападу Германіі на Польшчу частка пагранічнікаў была накіравана на фронт. Неўзабаве, пакінуўшы невялікія заслоны ў стражніцах, батальён адышоў на Ганцавічы, а потым разам з іншымі аддзеламі далучыўся да групы войск на Валыні. У апусцелых казармах засталіся пераважна навабранцы. Калі 17 верасня Чырвоная Армія перайшла мяжу, з іх боку не прагучала ніводнага стрэла. Салдаты кідалі зброю, перапраналіся ў цывільнае адзенне і накіроўваліся на захад. Прынамсі, так гавораць сведкі. М.Маневіч з Зубкоў прыгадвае: “Паблізу нас, на заставе ў Смалічах засталося 7 чалавек нядаўна мабілізаваных. На іх яшчэ форма мяшком вісела. Яны нават не спрабавалі супраціўляцца, як саветы прыйшлі. Разбегліся хто куды. А адзін паляк аказаўся аднекуль з-пад Варшавы, нічога тут не ведаў і мовы нашай не разумеў. Але нічога, направілі мы яго на Клецк, растлумачылі, як ісці. Нашто каб прападаў чалавек”. Праўда, па афіцыйных савецкіх звестках 17 верасня ў памежных сутыкненнях загінула 7 байцоў Цімкавіцкага пагранатрада. Відавочна, тыя падзеі патрабуюць больш грунтоўнага вывучэння.
Апошняя кропка ў гісторыя батальёна “Клецк” была пастаўлена ў лютым 1940 г., калі з горада вывезлі сем’і польскіх вайскоўцаў. Жанчыны і дзеці накіраваліся хто ў Сібір, хто ў Казахстан. У казармах размясціўся новы гарнізон, а мяжа адсунулася на сотні кіламетраў на захад.
Андрэй Блінец, навуковы супрацоўнік ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”.
Отправить комментарий