Сейчас загружается

18 мая – Международный день музеев

На мой асабісты погляд музеі існуюць для таго, каб пакаленні маглі пакінуць нашчадкам не менш, чым атрымалі ў спадчыну самі. І гаворка тут не толькі пра матэрыяльныя, але і маральныя каштоўнасці, дакладнае адлюстраванне духа гістарычных эпох і падзей, традыцый і нацыянальнага каларыту народа. Але хто лепш за спецыяліста пацвердзіць ці раскрытыкуе падобную думку? Аб справах і поспехах музейных у дзень прафесійнага свята вядзе размову дырэктар ДУ “Музей гісторыі Клеччыны” М.А.Бобка (на здымку).

– Марына Анатольеўна, сакрэт паспяховай працы работнікаў музея, мабыць, у тым і заключаецца, каб наведвальнікі захапляліся вынікам, не падазраючы, які доўгі і складаны працэс яму папярэднічаў?
– Так, нездарма музейныя ўстановы параўноўваюць з айсбергам. Тое, што бачаць наведвальнікі – гэта толькі вяршыня, а ўнізе – пошук, сістэматызацыя матэрыяла, карпатлівая навуковая работа, стварэнне музейных фондаў. Навуковае камплектаванне іх займае значную частку працы. Гэта мэтанакіраваная дзейнасць па пошуку, набыцці і сістэматызацыі гістарычна значных прадметаў. Да таго моманту, пакуль наведвальнік убачыць экспанат у тэматычнай зале, мы доўга і старанна з ім працуем. Магчыма таму працу музейшчыкаў лічаць непрыкметнай, нягледзячы на тое, што яна патрабуе засяроджанасці і паслядоўнасці.
– Які шлях праходзіць цікавая знаходка да паліцы ў вашай установе?
– Нават пасля таго, як цікавая рэч трапіла ў музей, яе чакае яшчэ некалькі сур’ёзных прыступак да пэўнай паліцы. Нягледзячы на гэта, за год фонды нашай установы павялічваюцца на 300-500 прадметаў музейнага значэння.
– Асноўнай задачай перад музеямі краіны заўсёды ставілася стварэнне новых экспазіцый. Што ў гэтым накірунку робіце вы?
– Пабудова новай экспазіцый патрабуе шмат часу. Якасная, цікавая для наведвальнікаў, сучасная экспазіцыя можа стварацца гадамі. Не так проста знайсці патрэбныя экспанаты, набыць іх пры недастатковым фінансаванні ці распрацаваць канцэпцыю выставы. І ўсё ж мы не спыняемся на дасягнутым. У 2010 годзе правялі значную работу па стварэнні музея гісторыі Клецкай міліцыі ў РАУС, сумесна з людзьмі ў пагонах падрыхтавалі першы нарыс гісторыі органаў унутраных спраў Клеччыны, які выдадзены ў адмысловым буклеце “70 лет Клецкой милиции”.
– Што сабой прадстаўляе выставачная дзейнасць вашай установы?
– Штогод распрацоўваецца каля 20 разнастайных зменных выстаў. У напрамку іх стварэння павялічылася супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, калекцыянерамі і пасольствамі замежных краін у Рэспубліцы Беларусь. Наогул, у апошні час шырыцца цікавасць грамадства да гісторыі і культуры нашай краіны. Аб гэтым сведчаць як агульная колькасць наведвальнікаў музея (12 тыс. чалавек у год), так і тое, што сюды ідуць семьямі, з дзецьмі, з сябрамі.
– Чым яшчэ даводзіцца займацца супрацоўнікам музея? Што сёлета папоўніла калекцыю дасягненняў?
– Мы ажыццяўляем музейна-педагагічную і асветніцкую дзейнасць. Распрацавалі музейна-адукацыйныя праграмы, на аснове якіх супрацоўнічаем з навучальнымі ўстановамі горада і раёна. Стварылі гісторыка-дакументальны фільм аб сядзібна-паркавых комплексах Клеччыны, які лёг у аснову праграмы “Аб чым маўчаць помнікі”, прымеркаванай да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, і быў высока ацэнены настаўнікамі і вучнямі агульнаадукацыйных школ.
З 10 па 13 мая бягучага года разам са спецыялістамі буйнейшых музеяў Расіі, Казахстана і іншых краін нас запрасілі да ўдзелу ў XIV Міжнароднай канферэнцыі “АДІТ”, якая праводзілася ў Беларусі ў такім прадстаўніцтве ўпершыню, таму прымаць удзел для ўстановы раённага маштабу было вельмі ганарова.
Дарэчы, па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва на лепшую пастаноўку работы па развіцці культуры ў рэгіёне ў намінацыі “Лепшы музей года” за 2010 год сярод 23 намінантаў Музей гісторыі Клеччыны заняў трэцяе месца. Работа ацэньвалася па такіх крытэрыях, як экспазіцыйная, выставачная, навукова-фондавая і выдавецкая.
– Якім бачыцца развіццё галоўнай музейнай установы раёна ў будучым?
– У адпаведнасці з запатрабаваннямі сучаснасці музейшчыкамі значна пашыраны спіс паслуг для наведвальнікаў: магчымасць атрымаць фота на памяць; наведацца ў святая святых – фондасховішча – і папрацаваць з музейнымі прадметамі; любой установе, прадпрыемству, арганізацыі стварыць з дапамогай нашых супрацоўнікаў свой міні-музей і г.д. Акрамя гэтага, запланавана стварэнне экспазіцыі “Клеччына ў XIX-пач.XX ст.”; выставы, прысвечанай гісторыі мястэчка Сіняўка; адкрыццё кіёска па продажу сувенірнай прадукцыі; папаўненне фондаў музея прадметамі музейнага значэння па калекцыях “Дакументы і фотадакументы”, “Прадметы побыту і этнаграфіі” і іншае.
– Работа музейшчыкаў, на першы погляд, сціплая і непрыкметная, а наогул важная і запатрабаваная, заўсёды была і застаецца тым маяком, які асвятляе шлях да спазнання свайго краю, яго ўнікальнай і самабытнай культуры, багатай гісторыі.
– Музей – як ланцужок паміж мінулым і будучым. І менавіта на яго работнікаў ускладзена задача зрабіць так, каб ён застаўся непарыўным. Таму ў дзень прафесійнага свята хочацца сказаць словы падзякі нашаму калектыву за працу, энтузіязм, творчыя намаганні. Пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, натхнення, поспехаў у іх пачэснай дзейнасці на ніве захавання і адраджэння нацыянальнай гісторыі, творчых здабыткаў, шчаслівых здзяйсненняў і новых адкрыццяў.
– Са святам вас, шаноўныя супрацоўнікі раённага музея, работнікі местачковых музейных пакояў, аматары мінулай і сённяшняй гісторыі Клеччыны!

Падрыхтавала Вера Кавалеўская.
Фота з архіва.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили