Часопіс сатыры і гумару «Вожык» — пераемнік знакамітага баявога выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». Першыя 13 нумароў газеты-плаката з’явіліся на пачатку ліпеня 1941 года ў Гомелі (Мінск ужо быў акупіраваны немцамі).
У 9-м нумары вядомы паэт Пятрусь Броўка надрукаваў палымяны верш «За кроў бязвінных». Пад сваім прозвішчам, хоць на тэрыторыі, занятай фашыстамі, засталіся родныя і блізкія людзі. Пазней ягоная маці была кінута ў канцлагер. Адкрыта выступалі ў друку і іншыя пісьменнікі.
Са старонак агітплаката з вершамі-заклікамі да партызан і воінаў звярталіся Янка Купала і Якуб Колас. Тут друкаваліся Кузьма Чорны, Пятро Глебка, Васіль Вітка, Анатоль Астрэйка, Міхась Лынькоў, Пімен Панчанка, Максім Танк, Максім Лужанін, Кандрат Крапіва. Поруч з пісьменнікамі працавалі мастакі і карыкатурысты Віталь Букаты (таленавіты юнак, які загінуў у 1943 годзе, выконваючы баявое заданне), Заір Азгур, Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, маскоўскія і ленінградскія графікі Л. Брадаты, Д. Дубінскі, Г. Вальк.
Нярэдка друкаваліся карыкатуры Кукрыніксаў, В. Гараева, Б. Яфімава і іншых мастакоў. Газета-плакат засылалася ў тыл ворага, у партызанскія атрады, распаўсюджвалася сярод насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі. Як рэліквіі ў рэдакцыі захоўваюцца фактычна ўсе нумары гэтага выдання, як, дарэчы, і ўсе нумары «Вожыка», пачынаючы з 1945 года…
Отправить комментарий