Сейчас загружается

“Песня хлебу і паклон да зямлі хлебаробам Клецкага раёна”: У Янавічах прайшлі “Дажынкі-2021”

 

Сёння на Клеччыне праходзіла адно з самых галоўных святаў аграрнікаў – фестываль-ярмарка “Дажынкі-2021”. Лепшыя працаўнікі сяла сабраліся ў аграгарадку Янавічы. І не выпадкова, што гімн у гонар самых працавітых людзей гучаў менавіта адсюль – з зямлі, услаўленай імем Героя Сацыялистычнай Працы Іосіфа Іосіфавіча Плаўскага.

Яго ўжо даўно няма сярод нас, але наказ таленавітага кіраўніка, вопытнейшага аграрніка, легендарнай асобы Беларусі  – працаваць шчыра і аддана – выконваецца спаўна. Сведкай таму з’яўляюцца дасягненні хлебаробаў Клеччыны, што ўшаноўваюць сваёй стваральнай працай добрае імя не толькі малой радзімы, але і Мінскага рэгіёна, і краіны ўцэлым.

З хлебных палеткаў нашага раёна сёлета атрыманы важкі ўраджай залатых зярняткаў – намалочана 81 436,7 т зерня. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала 48,8 ц/га. Каб сабраць усё вырашчанае і захаваць, ад золку да золку ў палях шчыравалі аграномы, камбайнеры і іх памочнікі, вадзіцелі.

Высокую адказнасць да агульнай справы праявілі аператары зернесушыльных комплексаў і прадстаўнікі іншых сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, якія забяспечвалі належныя ўмовы працы, занятых на жніве.

Сёння, калі галоўнае багацце зямлі-карміцелькі ўжо ў засеках, у іх адрас гучалі словы падзякі і прызнання за самаадданую працу.

За добрасумленную шчырую працу, дасягненне высокіх паказчыкаў на уборцы збожжавых, зернебабовых культур і рапсу па рашэнні Клецкага раённага выканаўчага камітэта пераходзячы прыз імя А.А.Шлапакова ўручаны экіпажу зернеўборачнага камбайна КСУП “Племянны завод “Чырвоная Зорка” ў складзе Андрэя Сяргеевіча Цывулі (старшага камбайнера) і Сяргея Валерьевіча Чабатара (камбайнера).

Да гэтага свята рыхтаваліся і яго чакалі. Аб гэтым сведчыць новая, выкладзеная тратурнай пліткай пляцоўка ля сцэны, рознакаляровы плот вакол куточка для гульняў і забаў дзяцей, нядаўна абсталяваная памятная мясціна, адкрытая падчас святкавання “Дажынак-2021” у гонар Герояў Сацыялістычнай Працы Клеччыны, шасцера з якіх, дарэчы, працавалі на чырваназоркаўскай зямлі.

Вабілі да сябе гасцей шчодрыя гандлёвыя рады і багатыя выставы народных рамеснікаў-майстроў. Хтосьці здзіўляў прысутных прысмакамі, хтосьці дэкаратыўнымі вырабамі. Прыцягвала ўвагу палявая кухня, дзе частавалі любога, хто не саромеўся падыйсці. Прыемна адзначыць, што на свяце было шмат дзяцей рознага ўзросту. І гэта надавала ўпэўненасці ў тым, што беларуская вёска будзе жыць і падтрымліваць свае традыцыі.

Нават калі прысутныя малыя не з ліку мясцовых жыхароў, а толькі госці, прыехаўшыя да бабулі на канікулы, усё роўна ўражанні застануцца і будуць цепліцца ў іх душах ад убачанага і пачутага – артыстаў у нацыянальных касцюмах, мілагучнай беларускай мовы, што гучала з вуснаў вядучых свята, жытнёвых калоссяў, што беражліва ўпрыгожвалі жаночыя рукі.

Галоўнае, каб мы, дрослыя, самі падтрымлівалі і бераглі тое святое, што засталося нам у спадчыну. Пакуль што гэта ўдаецца, і ўрачыстая дзея, якая сабрала ў пятніцу ў парку аграгарадка Янавічы не толькі аграрыяў, але і ўвесь зацікаўлены люд на ўрачыстае свята “Дажынкі”– яскравае таму пацвярджэнне.

Пранікнёнымі, шчырымі, узнёсла-трапяткімі словамі былі насычаны віншаванні ў адрас працаўнікоў сяла ад старшыні райвыканкама Анатолія Міхайлавіча Ладыга. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што леташні каравай хоць і быў больш важкім, затое сёлетні – больш даражэйшы. Бо атрыманы ён ва ўпартай барацьбе з тымі ўмовамі, якія склаліся ў выніку пераменнага надвор’я.

Аднак нават нягледзячы на гэту акалічнасць, як зазначыў Анатолій Міхайлавіч, Клецкі раён у ліку першых на Міншчыне завяршыў жніво і працягнуў руку дапамогі суседнім рэгіёнам, тым самым прадэманстраваўшы добрыя таварысцкія адносіны, суседскую ўзаемападтрымку, беларускую адкрытасць, шчырасць, талерантнасць – тыя якасці, якія аб’ядноўваюць сяброў і ўвесь народ, дапамагаюць ладзіць цёплыя ўзаемаадносіны і разам дабівацца добрых вынікаў у розных галінах, і ў працы, прынамсі.

Анатолій Міхайлавіч пералічваў прозвішчы адданых працаўнікоў і назвы перадавых гаспадарак, а разам з тым дзячыў усіх і кожнага асобна, хто забяспечваў дасягненне высокіх рэзультатаў.

Свае шчырыя словы ў віншавальны букет для хлебаробаў Клеччыны данеслі прысутныя на свяце ганаровыя госці Уладзімір Аляксандравіч Гурыновіч, кіраўнік справамі Мінскага аблвыканкама, Людміла Іванаўна Ніжэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Віктар Тадэвушавіч Маліноўскі, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, Мікалай Уладзіміравіч Лешык, начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Мікалай Пятровіч Сянюта, намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве адкрытага акцыянернага таварыства “МІНСК КРЫШТАЛЬ”, Антон Ігаравіч Бандарэнка, намеснік дырэктара па эканоміцы і фінансах унітарнага прадпрыемства “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў”, Вольга Пятроўна Шкарадзёнак, начальнік аддзела нарыхтоўкі зерня і рэалізацыі камбікормавай прадукцыі ўнітарнага прадпрыемства “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Па-сяброўску цёпла віталі слаўных працаўнікоў клецкай зямлі начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Клецкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Міхайлавіч Галубовіч, старшыня Клецкага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Галіна Валер’еўна Кулага, старшыня Клецкага раённага Савета ветэранаў Валянціна Іванаўна Ефімчык.

Усе яны з гонарам гаварылі пра хлеб і нялёгкую працу тых, хто яго стварае. За адказна выкананую пачэсную місію каля 100 чалавек былі ўзнагарожданы граматамі і падзякамі розных ведамстваў і органаў кіравання.

Кажуць, што беларусы, як працуюць, так і святкуюць. І гэта насамрэч так. Асаблівую атмасферу святу стварылі прафесійныя артысты Клецкага РЦК, дзіцячыя харэаграфічныя і вакальныя самадзейныя калектывы. Увечары настрой узняла дыскатэка. Сёння ўсе у Янавічах адпачываюць весела і ад душы –  сяльчане гэтага заслужылі!

Галоўны атрыбут свята – сноп новага ўраджаю – перададзены ў рукі Ігара Васільевіча Гардзея, кіраўніка ААТ “Морач”. Менавіта там у наступным годзе адбудзецца раённае свята “Дажынкі-2022”.



Лепшых вынікаў на жніве-2021 дасягнулі працаўнікі СФ “Клецкі” ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” пад кіраўніцтвам Аляксандра Іванавіча Пляшэвіча.

Першая тысяча тон зерня новага ўраджаю, а таксама другая і трэцяя – на рахунку калектыву ААТ “Кухчыцы” (кіраўнік Сяргей Паўлавіч Здрок).

Пераможцай конкурсу саламяных скульптур прызнаны калектыў  СФ “Клецкі” ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”.



Святлана Орпель.

Фота Інны Федарчук. 

 

Отправить комментарий