Бібліятэка... Для адных гэта скарбніца мудрасці і духоўнасці, для другіх – навінкі літаратуры і мастацтва, для трэціх – месца адпачынку і правядзення вольнага часу. А для Г.А.Галубовіч, загадчыцы Логнавіцкай сельскай бібліятэкі-клуба, – часцінка яе жыцця. 38 гадоў шчыруе на бібліятэчнай ніве Галіна Адамаўна.
У яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс – аддзел культуры Клецкага райвыканкама. А пачынала з сельскай бібліятэцы ў Арэшніцы, кіруючыся парадай сваёй старэйшай сястры. Паралельна вучылася ў Магілеўскім бібліятэчным тэхнікуме, што дазваляла падмацоўваць практычныя напрацоўкі з тэорыяй навукоўцаў. А калі па жыцёвых абставінах сям’я пераехала ў Заастравечча, узначаліла Логнавіцкую бібліятэку-клуб, дзе ўдала спалучае клубную і бібліятэчную справу. І, патрэбна сказаць, на працягу апошніх 12 гадоў гэта ўстанова з’яўляецца пастаяннай пераможцай спаборніцтва сярод сабе падобных. Сама ж загадчыца неаднаразова атрымлівала падзякі, узнагароды, граматы раённага аддзела культуры і раённага выканаўчага камітэта. Адным словам, Галіна Адамаўна заслужана карыстаецца аўтарытэтам сярод сваіх чытачоў і калег па працы, таму не выпадкова менавіта яна ў свой час была абрана дэлегатам І з’езда бібліятэкараў Міншчыны.
Асаблівы клопат і ўвага Галіны Адамаўны – людзі сталага ўзросту. Твары ўсіх жыхароў зоны абслугоўвання ёй знаёмы, кожны чацвер яна наведваецца з кнігамі да іх дадому, каб памяняць літаратуру, прапанаваць свежыя часопісы, параіць для чытання цікавыя артыкулы ў перыёдыцы, абмеркаваць прачытанае або проста выслухаць чалавека, паразмаўляць з ім. А яшчэ загадчыца разам з акампаніятарам Ірынай Канстанцінаўнай Дрозд – творчым, улюбёным у сваю справу чалавекам, прафесіянальным памочнікам у правядзенні розных мерапрыемстваў – наладжвае для пажылых дамашнія канцэрты. За такія шчырыя сустрэчы словы ўдзячнасці выказвалі: С.А.Кішко, А.М. Бялаш,В.М.Бялаш, П.М.Пташук, К.П.Лошык.
А тыя, хто маюць сілы, заўсёды з задавальненнем збіраюцца ў будынку бібліятэкі-клуба на святочныя агеньчыкі: да Дня пажылых людзей, Новага года, 8 Сакавіка і Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Духмяная гарбата, кветкі, шчырая нетаропкая размова, добрыя лірычныя песні, успаміны пра перажытае робяць такія сустрэчы асаблівымі, запамінальнымі. Тут не першы год працуе і літаратурна-краязнаўчы клуб “Бацькаўшчына”. Яго ўдзельнікі прапануюць вяскоўцам спасаўскія сустрэчы “Спас – усяму час”, логнавіцкія вячоркі, на якіх гучыць беларуская музыка, чуюцца народныя песні. Па ініцыятыве загадчыцы ўдзельнікі клуба стварылі ў бібліятэцы міні-музей побыту старадаўніх часоў “Беларуская хатка”, які з дапамогай вяскоўцаў папаўняецца новымі экспанатамі.
Цяжка пераацаніць уплыў бібліятэкара на фарміраванне асобы дзіцяці, выхаванне ў ім дабрыні, пачуцця павагі да акружаючых людзей, любові да роднай зямлі. І хаця дзяцей у зоне абслугоўвання няшмат, але з імі ў Галіны Адамаўны адносіны шчырыя, даверлівыя, прыязныя. Юныя чытачы любяць наведваць бібліятэку, з карысцю праводзяць там вольны час, прымаюць удзел у конкурсах, віктарынах, гульнях. Бібліятэкар пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку новых форм і метадаў работы з дзецьмі: афармляе цікавыя кніжныя паліцы, падбірае “залатыя ключыкі” да сэрцаў маленькіх чытачоў, робячы іх сапраўднымі сябрамі кніг.
Штодзённым клопатам Г.А. Галубовіч з’яўляецца павышэнне аўтарытэту бібліятэкі сярод вяскоўцаў. Дзякуючы яе ініцыятыве і здзіўляючым арганізатарскім здольнасцям наладжаны творчыя кантакты з адміністрацыяй гаспадаркі, установамі культуры і адукацыі Заастравецкага сельскага Савета. І як вынік такога супрацоўніцтва – добрая традыцыя правядзення дзён культуры на фермах, пры падрыхтоўцы якіх Галіна Адамаўна выступае як сцэнарыст, а потым – як вядучая. Тэмы – самыя розныя, але заўсёды галоўныя словы адрасаваны людзям працы. Словы ўдзячнасці і павагі. Таго ж заслугоўвае гэта жанчына і сама. Таму што да працы адносіцца творча, дэталёва ўнікаючы ва ўсе пытанні і праблемы, дапамагаючы маладым калегам парадамі і падказкамі, праяўляючы да акружаючых добразычлівасць і ветлівасць.
Ініцыятыўнасць, мэтанакіраванасць, уважлівасць да людзей уласцівы Галіне Адамаўне. А яшчэ яна сапраўдны творца – калі едзеш з Клецка ў Заастравечча, то міжволі звернеш увагу на прыгожую зону адпачынку з рознакаляровым россыпам кветак, якія радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені вакол тэрыторыі Логнавіцкай СБК. І ўсякі сезон загадчыца прыўносіць у афармленне штосьці новае. Апошнім часам стварыла прыгожае штучнае азярцо, на беразе якога “рыбачаць” дзед з бабай. Гэта месца з’яўляецца любімым у мясцовых дзяцей і падлеткаў.
Ва ўсіх пачынаннях Галіны Адамаўны надзейнай апорай з’яўляецца муж Казімір Аляксандравіч, не застаюцца ўбаку ад матуліных спраў і сыны Арцём і Андрэй. А ўнучка Жэнечка – не проста бабуліна пацеха, але яшчэ і актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці.
Усе яны заўтра будуць віншаваць “віноўніцу” свята з прафесійным днём, зычыць самага лепшага. Хочацца пажадаць ёй, у сваю чаргу, моцнага здароўя, новых творчых поспехаў, нязменнай удачы.
Людміла Цімавец, дырэктар Клецкай ЦБС.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий