У Беларусі шмат народных умельцаў, якія працягваюць справу продкаў, папаўняючы скарбніцу культуры асабістымі здабыткамі, дасягненнямі, якія лічацца важкімі не толькі на малой радзіме, але далёка за яе межамі. Наш раён таксама славіцца такімі людзьмі.
І няхай не ўсе майстры ўдзельнічаюць са сваімі работамі ў выставах ці конкурсах і атрымліваюць высокія ўзнагароды, але кожны з іх адчувае сябе шчаслівым чалавекам, дзякуючы сваёй любімай справе, якой прысвяціў усё жыццё.
Адкрытая душа
Праязджаючы па вуліцы Цэнтральнай агр.Галынка, немагчыма не звярнуць увагу на дом, дзе жыве Сяргей Міхайлавіч Бобка, якога аднавяскоўцы называюць няйнакш, як мастак. І гэта не выпадкова. Адразу, як толькі заходзіш у двор і пераступаеш парог веранды, разумееш, што гаспадар – неардынарная асоба і творчая натура.
Мужчына прыцягвае сваёй адкрытасцю. Дабрадушны, гасцінны, шчыры, гаваркі, працавіты, з простай душой чалавек, які сапраўды любіць сваю малую радзіму, умее шанаваць і атрымліваць асалоду ад прыгажосці яе прыроды, якая з'яўляецца галоўнай крыніцай яго сіл і натхнення, каб тварыць.
Тое, што дорага сэрцу
Сяргей Міхайлавіч нарадзіўся і вырас у Галынцы. З дзяцінства любіў фатаграфаваць. Бацькі падтрымлівалі захапленне сына і купілі яму фотаапарат. Будучы вучнем 5 класа, ён ужо рабіў уласныя здымкі, а ў
8-ым пачаў здымаць кіно.
Любоў да кінамастацтва перамагла ў выбары прафесіі – пасля школы паступіў у Ленінградскі кінатэхнікум.
Мой суразмоўца цёпла ўспамінае перыяд працы ў Мінскай абласной і гарадской канторы кінапракату ў якасці кінатэхнічнага інспектара і працоўную дзейнасць на кінастудыі «Беларусьфільм» касцюмерам-рэквізітарам у цэху падрыхтоўкі здымак, а затым асістэнтам аператара.
Добра памятае вучобу на курсах па павышэнні кваліфікацыі работнікаў кінематаграфіі па спецыяльнасці асістэнта кінааператара ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі ў г.Масква і на Міжрэспубліканскіх прафсаюзных курсах па перападрыхтоўцы рэжысёраў-кіраўнікоў народных аматарскіх кінастудый прафсаюзаў у Ташкенце.
У жыцці кожнага з нас здараюцца якія-небудзь асаблівыя падзеі, пра якія памятаеш усё жыццё. Мелі месца такія моманты і на шляху С.М.Бобка. Ён з натхненнем, энтузіязмам расказвае, з якімі вядомымі людзьмі яму давялося сустрэцца і пагутарыць за час працоўнай дзейнасці.
Знаёмства з імі засталося ў сэрцы нашага земляка назаўжды – да сённяшняга дня беражліва захоўвае фатаграфіі ў альбоме. Мужчына з радасцю распавядае пра незвычайную, уражлівую гісторыю, калі здымаў працэс запраўкі самалёта ў паветры, і многа іншае.
Тое, чым займаўся Сяргей Міхайлавіч, яму вельмі падабалася, але ўвесь час яго цягнула на малую радзіму. Таму вярнуўся ў Галынку, дзе прадоўжыў працоўны шлях да выхаду на заслужаны адпачынак.
Майстар – залатыя рукі
Творчая натура, фантазія і ўмелыя рукі – усё, што трэба для таго, каб рабіць неверагодныя рэчы. І зусім не абавязкова для гэтага мець спецыяльную адукацыю.
Здольнасць да малявання ў С.М.Бобкі з'явілася ў раннім узросце. З агеньчыкам у вачах успамінае той час, калі маці адправіла на конкурс малюнкаў па матывах казак яго слана, якога аднойчы папрасілі намаляваць браты, а потым пачуў пра сябе ў радыёпраграме.
З усмешкай гаворыць, як аднойчы размаляваў яркімі фарбамі, скарыстаўшыся момантам, пакуль бацькоў не было дома, печ, якую раней усё проста бялілі.
Сваё дзіцячае захапленне пранёс праз усё жыццё. Маляваў у вольную хвіліну, а часта ноччу. У сваіх працах ён раскрывае прыгажосць прыроды роднага краю, перадае яе заварожваючыя з'явы: рамантычны, загадкавы заход, чараўніцтва яркай вясёлкі пасля дажджу, блакітныя, празрыстыя азёры.
Адлюстроўвае звяроў, птушак, асабліва любіць лебедзяў і буслоў, якія грацыёзна параць у паветры, расправіўшы шырокія крылы.
Сярод яго пейзажаў прыцягваюць увагу тры магутныя волаты, якія ганарліва сядзяць на конях. Зайшоўшы ў хату да Сяргея Міхайлавіча, нібы трапляеш у сапраўдную галерэю – у кожным пакоі на сценах замест шпалер – карціны рознага памеру, напісаныя самім майстрам.
А столі ў яго доме не такія, як ва ўсіх, белыя, а упрыгожаны ўзорамі: выявамі кляновых, бярозавых лісцяў, сілуэтамі птушак у палёце.
На падлозе замест звыклых дываноў і ходнікаў – намаляваныя гаспадаром. Яны робяць памяшканні нязвыклымі, арыгінальнымі. Аднавяскоўцы часам жартуюць: «Як часта ты выбіваеш свой дыван?»
Цікава тое, што мастак выкарыстоўвае для ўвасаблення асабістых фантазій звычайныя эмалевыя фарбы: гэта значна танней, чым прафесійныя алейныя, аднак карціны атрымліваюцца не менш эфектнымі. Ідэй шмат, але маляванне – не адзінае захапленне С.М.Бобкі.
Наш зямляк таксама віртуозна, як з пэндзлем і фарбамі, працуе з дрэвам і металам, выкарыстоўваючы для гэтага, нават цяжка сабе ўявіць, толькі сякеру ды нажніцы.
У двары Сяргея Міхайлавіча сапраўднае казачнае царства: тут буслы, якія, здаецца, толькі-толькі прызямліліся, не паспеўшы яшчэ скласці крылы, на даху – жвавая вавёрачка і певень, які голасна абвяшчае аб надыходзе новага дня.
Тут і вытанчаныя, далікатныя матылькі, што прыселі на сланечнік і на сцяну, сава пільна сочыць за незнаёмцамі, нават велічны алень і той «зазірнуў» у госці.
Свой прытулак хутка побач з рукатворнымі персанажамі знойдуць веснікі вясны – шпакі, для якіх гаспадар змайстраваў незвычайныя, цікавыя шпакоўні: у выглядзе трох'яруснага млына і двухпавярховых хатак. Як заўважае мой суразмоўца, увасабляць усе задумкі ў рэальнасць дапамагае яму само жыццё, а прырода падказвае сюжэты для будучых прац.
Кажуць: «Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім». Яркае таму пацвярджэнне – Сяргей Міхайлавіч Бобка. У яго на самай справе залатыя рукі – бо толькі сапраўдны майстар можа без спецыяльных інструментаў, дарагіх матэрыялаў ствараць прыгажосць вакол сябе. І галоўнае – любіць тое, чым займаецца.
Творчасць дорыць асабіста яму задавальненне, а усім тым, хто знаходзіцца побач з гэтым чалавекам, – радасць і захапленне. Гэта тое, што робіць наша жыццё яркім і напаўняе яго асаблівым сэнсам.
Знаёмячыся з такімі дзіўнымі, неардынарнымі людзьмі, як мой суразмоўца, бачачы іх працы, якія кранаюць душу, напэўна, кожнаму захочацца зрабіць нешта такое, каб пакінуць і свой след на зямлі.
Ірына ЖДАНКО.
Фота Іны ФЕДАРЧУК.
Отправить комментарий