Амаль трыццаць гадоў (з 1993 года) Маладзечна гасцінна збірае аматараў і прыхільнікаў творчасці на адно з самых значных культурных падзей горада і краіны – Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”.
Канцэпцыя гэтага творчага форуму заснавана на агульнанацыянальным культурным свяце, накіраваным на далучэнне нацыянальных каштоўнасцей беларускай культуры, развіццё музычнага і песеннага мастацтва беларускіх аўтараў, захаванне беларускай мовы і папулярызацыю творчасці беларускіх кампазітараў і паэтаў, аб’яднанне творчых сіл, пераемнасць пакаленняў.
Гэтыя тэмы знойдуць сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах розных жанраў і напрамкаў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці, юбілейных дат (140-годдзе беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа), звязаныя з лёсамі кампазітараў, паэтаў і выканаўцаў.
Уся атмасфера фестывалю будзе прасякнута духам творчасці, нацыянальнай самасвядомасці і вялікага гонару за нашы багатыя таленты і нашу краіну.
На галоўных гарадскіх пляцоўках 10 – 11 чэрвеня адбудуцца шматлікія творчыя сустрэчы, цікавыя выставы, тэатральныя пастановы і самае галоўнае – конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
10 чэрвеня
У мэтах фарміравання аб’ектыўных адносін грамадства да гістарычнага мінулага, захавання і ўмацавання адзінства беларускага народа ў выставачным фае Палаца культуры ў 10.00 пройдзе выстава “Памяць пакаленняў” да Года гістарычнай памяці беларускіх жывапісцаў ГА “Беларускі саюз мастакоў”.
У экспазіцыі можна будзе пазнаёміцца з работамі ветэранаў, класікаў беларускага мастацтва з калекцыі Беларускага саюза мастакоў. Кожны іх твор – пранізлівы аўтарскі погляд на мінулае, аб’яднаны вялікай любоўю да сваёй краіны і свайго народа. У эпічных жывапісных палотнах паказаны краявіды, партрэты, інтэрпрэтызацыя вобразаў і значных падзей беларускай гісторыі.
***
З першага фестывалю адной з галоўных падзей праграмы традыцыйна застаецца Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Нязменнымі з’яўляюцца і яго мэты: далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей беларускай культуры, прапаганда роднай мовы і папулярызацыя твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, раскрыццё і падтрымка маладых талентаў.
У конкурсе прымаюць удзел маладыя спевакі, якія прафесійна займаюцца вакалам з ранніх гадоў, амаль усе маюць музычную адукацыю, яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі абласных, раённых і гарадскіх канцэртных праграм, дабрачынных мерапрыемстваў, лаўрэатамі як міжнародных, так і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.
Лепшы з канкурсантаў становіцца ўладальнікам Гран-пры – прыза імя Уладзіміра Мулявіна. За права атрымаць запаветную ўзнагароду будуць змагацца 21 удзельнік з 6 абласцей і горада Мінска. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца маладыя выканаўцы, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 16 да 31 года.
Сустрэча з маладымі артыстамі адбудзецца ў 10.30 і 14.00 (канцэртная зала Палаца культуры).
***
У 11 гадзін на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра пройдзе спектакль “Нельга нам без сябра”.
Музычная казка-жарт па п’есе Сяргея Казлова (пераклад – Юрый Кулік, кампазітар – Алег Елісеенкаў).
Ніхто ў вёсцы не можа паверыць, што існуе парася, якое спявае. Больш таго, таленавітаму падсвінку пагражае невясёлая перспектыва ператварыцца ў пачастунак да святочнага стала ў гонар яго гаспадыні – Дар’і Іванаўны. Але наш герой зусім не з такіх, хто паддаецца злому лёсу! Ён уцякае ў лес, дзе сустракае вернага сябра – Зайца. Сяброўства дапамагае перамагчы злога Ваўка, пераадолець перашкоды і пераканаць усіх прызнаць цудоўны талент Парася-спевака!
***
У 2022 годзе ў Беларусі ўрачыста адзначаецца 140-годдзе славутых паэтаў-класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры беларусаў і пакінулі пасля сябе неўміручую спадчыну, адлюстраваную ў іх самабытных творах: паэмах, вершах, апавяданнях і літаратурных казках.
З гэтай нагоды ў Мінскім абласным краязнаўчым музее ў 11.15 пройдзе выстава “Песняры роднага краю”, падрыхтаваная сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.
Таксама госці фестывалю змогуць пабачыць выставу “Дрэва жыцця” Маладзечанскай школы выцінанкі – элемента гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
***
У кінатэатры “Радзіма” адбудзецца прэзентацыя дакументальнага фільма “Імправізацыя”, прысвечанага памяці народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.
Уклад Міхаіла Якаўлевіча ў папулярызацыю беларускай музыкі і паэзіі складана пераацаніць: маэстра быў ідэйным натхняльнікам Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, з’яўляўся музычным кіраўніком і членам аргкамітэта Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, галоўным дырыжорам Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”, ініцыяваў мноства праектаў, накіраваных на развіццё айчыннай музычнай культуры.
Таксама адбудзецца творчая прэзентацыя выставы “Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг”, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі.
Запрашаем на мерапрыемства ў 12.00.
***
У гэты ж час у Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” пройдзе спектакль “Залатая табакерка” па п’есе аўтара і рэжысёра Алёны Плютавай.
Даўным-даўно жыў у адной вёсцы хлопец Янка. І не было ў яго ні маці, ні бацькі, толькі кот. Цяжка жылося яму на белым свеце. Але аднойчы дзед падарыў Янку залатую табакерку...
***
Душэўны і цікавы праект “Асоба эпохі” арганізуе ў гэтым годзе творчую сустрэчу з беларускім кампазітарам, народным артыстам Беларусі Леанідам Канстанцінавічам Захлеўным.
Ён з’яўляецца аўтарам эстраднай, камернай, сімфанічнай і харавой музыкі. Творчасці маэстра ўласцівыя яркі меладызм, спалучэнне нацыянальнай характэрнасці і сучасных сродкаў музычнай выразнасці. Сярод найбольш вядомых твораў – кантаты “Вянок” і “Муха-цакатуха”, сімфоніі, рамансы і вакальныя цыклы на словы Максіма Багдановіча і Уладзіміра Карызны, а таксама харавыя і песенныя цыклы. Сёння яго творы спяваюць салісты беларускага опернага тэатра Алена Сало, Уладзімір Пятроў, эстрадныя артысты Ірына Дарафеева, Якаў Навуменка і ансамбль “Сябры”. Леанід Захлеўны з’яўляецца мастацкім кіраўніком заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Бяседа”.
Мерапрыемства адбудзецца ў 15.00 у малой зале Палаца культуры.
***
У Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” ў 16 гадзін пройдзе спектакль “Тыграня Петрык” па п’есе Ханны Янушэўскай.
У музыкальнай казцы вы пазнаёміцеся з пацешным тыгранём Петрыкам, які ўсяго баяўся. За гэта Галоўны Тыгр адабраў у яго чорныя палоскі – сімвал мужнасці ўсяга тыгрынага сямейства. Петрык вырашыў шукаць адвагу, але так і не знайшоў бы, каб не бяда – хвароба Маці.
***
Канцэртная зала Палаца культуры запрашае ў 17.00 на грандыёзны праект “Маладыя галасы Беларусі” з удзелам лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, салістаў Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Маладзечанскагамаладзёжнага народнага музычнага тэатра. Канцэртная праграма пройдзе ў суправаджэнні Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.
Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь – Рыгор Сарока.
***
Прыемныя навіны для тых, хто захапляецца тэатрам. Увазе гледачоў будзе прадстаўлен спектакль “Сёстры Дастаеўскія” па п’есе драматурга, беларускага пісьменніка Ягора Конева.
На сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў 18 гадзін разгорнецца гістарычны дэтэктыў, заснаваны на рэальных падзеях, якія адбыліся ў пачатку 17 стагоддзя ў Мінскім павеце. У гэтай гісторыі з нечаканымі сюжэтнымі паваротамі злучыліся злачынства і пакаранне, непрадказальны для гледача пошук ісціны і цікавы факт, згодна з якім мог загінуць род Дастаеўскіх, які падарыў свету знакамітага пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага!
***
Высокае мастацтва імправізацыі, запальныя рытмы, рэдкае пачуццё ансамбля чакае Вас у творчым праекце “Мелодыя сэрца”. Гэта сумесны праект таленавітай моладзі дзяржаўных устаноў Мінскай вобласці: Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.
Лепшыя айчынныя творы беларускіх кампазітараў прагучаць у суправаджэнні эстраднага аркестра “Бай-блюз” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага на Цэнтральнай плошчы горада.
Кіраўнік – Дзмітрый Арцямёнак
Багатая палітра айчыннай музыкі дазволіць шырока праявіць сябе маладым артыстам, акунуцца ў разнастайнасць стылістычных напрамкаў, вобразаў і тэм. Гледачы змогуць атрымаць асалоду ад новых інтэрпрэтацый добра вядомых мелодый і пазнаёміцца з новымі сачыненнямі эстрадна-джазавай музыкі беларускіх кампазітараў.
Пачатак мерапрыемства ў 19.00.
***
Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму адбудзецца ў 21.00 на сцэне летняга Амфітэатра. Жыхары і госці Маладзечна змогуць пабачыць прэм’еру канцэрта “XXI - адлік новога часу. Пачатак” у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.
Мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор – Максім Расоха.
У канцэрце прымуць удзел: народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева, Наталля Тамэла, Дзмітрый Качароўскі, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і іншыя.
Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна – 2022 ”.
***
У 23.00 у Амфітэатры пачнецца “ФэстМ” – маладзёжная крэатыўная прастора (дыскатэка).
11 чэрвеня
Другі дзень фестывалю пачнецца з паэтычных чытанняў “Люблю цябе, мой родны край” паэтаў, членаў грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, якія пройдуць у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка”.
Пачатак мерапрыемства ў 10.00.
***
Прэм’ера канцэрта акадэмічнай музыкі “Беларускія музычныя скарбы: другое нараджэнне” струннага аркестра Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” албудзецца ў 10.30 у канцэртнай зале Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.
Мастацкі кіраўнік – Максім Расоха.
***
ГА “Беларускі саюз кампазітараў” прадстаўляе праект “МУЗЫЧНЫ АЛІМП” – узнагароду за захаванне нацыянальных песенных традыцый, стварэнне высокамастацкіх твораў і беларускіх хітоў.
Унікальны праект – спосаб выказаць сваю павагу і прызнанне кампазітарам Беларусі. Гэта новы рух, новае дыханне. Унікальнае месца творчай сілы, дзе людзі натхняюцца і ствараюць.
Удзельнікамі мерапрыемства стануць кампазітары-намінанты і артысты Рэспублікі Беларусь: народныя артысты Васіль Раінчык, Леанід Захлеўны, Эдуард Ханок, заслужаныя артысты Жанет, Уладзімір Ткачэнка, заслужаны дзеяч мастацтваў Алег Елісеенкаў, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр музычнага каледжа імя М.К.Агінскага (мастацкі кіраўнік - Рыгор Сарока), кампазітар Дзмітрый Далгалёў, канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Глінкі, “Concertino” (мастацкі кіраўнік – Аляксей Снітко), ансамбль “Верасы”, а таксама В.Альшанская, А.Мацюшонак, А.Салаўёў, В.Булай, К.Шумская і іншыя.
Мастацкі кіраўнік праекта – старшыня Беларускага саюза кампазітара Алена Атрашкевіч.
Мерапрыемства адбудзецца ў канцэртнай зале Палаца культуры ў 11.00.
***
Казка-гульня па матывах п’есы Аркадзя Хайта “Сцеражыся, Леапольд!” адбудзецца ў Мінскім абласным драматычным тэатры.
Як і знакаміты мультфільм “Прыгоды Ката Леапольда”, гэты спектакль працяты ідэяй усеагульнага сяброўства: “хлопчыкі і дзяўчынкі, давайце жыць дружна!”. Падчас дзействаў у “сяброўскі круг” уцягваюцца юныя гледачы, якія знаёмяцца з героямі і нават ствараюць дэкарацыі на сцэне. А ўжо другая частка спектакля расказвае непасрэдна аб адносінах мышэй і ката Леапольда, якія ў фінале пасля смешных канфліктаў і прыгод усё ж мірацца.
Пачатак спектакля ў 11.00.
***
У Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” пройдзе спектакль “Доктар Айбаліт”.
Казка-падарожжа па п’есе Вадзіма Карастылёва расказвае пра добрага доктара і яго верных сяброў і памочнікаў.
Гледачоў чакаюць поўнае выпрабаванняў падарожжа ў Афрыку, сутыкненне з піратамі, выратаванне хворых і перавыхаванне “нядобрых дарослых”.
Пачатак спектакля ў 13.00.
***
У гэты ж час галерэя цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Багдановіча запрашае на прэзентацыю Рэспубліканскага мастацка-патрыятычнага праекта “Бачу Беларусь такой” і фотапаэтычных кніг “Зачараваны Беларуссю”, “Бачу Беларусь такой”, “Мая Радзіма” і “Навасады: малая Радзіма”.
У кнігах сабраны творы сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў, а таксама фотаілюстрацыі Уладзіслава Цыдзіка. Фотаработы – гэта своеасаблівае прызнанне майстра ў любові да роднай зямлі. У аб’ектыве аўтара – фігуры і асобы, прырода і розныя аб’екты, якія істотна дапамагаюць прадставіць нашу краіну ва ўсіх колерах і фарбах. Дарэчы, у кнізе «Бачу Беларусь такой» Уладзіслаў Цыдзік разам з 65-цю беларускімі сучаснымі паэтамі выказвае свае шчырыя пачуцці да роднай зямлі.
***
У касцёле Святога Юзафа ў 13.30 пройдзе канцэрт “Музыка беларускіх кампазiтараў-майстроў мастацтва – пакаленню ХХI стагоддзя”. У канцэртнай праграме прымуць удзел народныя артысты Рэспублікі Беларусь Анастасія Масквіна, Ніна Шарубіна, Уладзімір Громаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзмітрый Шабеця, харавы ансамбль “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў, струнны ансамбль “Амелія” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.
Вакалісты прадставяць канцэрт беларускай харавой музыкі, прэм’еры новых твораў і добра вядомыя, якія сталі сапраўды “народнымі”, творы беларускіх кампазітараў-класікаў.
***
Зала ўрачыстасцяў Палаца культуры запрашае ў 14 гадзін на творчую сустрэчу з аўтарскай групай праекта “Наперад у мінулае” з нагоды 10-годдзя праекта.
Упершыню тэлепраект выйшаў у эфір на Каляды, 7 студзеня 2012 года. За час існавання праекта творчая група ў кампаніі з беларускімі зоркамі эстрады праехала ўсю краіну. Па ўмовах праекта, носьбіты аўтэнтычнай культуры выконваюць шэраг песень – народных кампазіцый. А напрыканцы кожнай праграмы ўвазе гледачоў прадстаўляецца новая версія народнай песні ў сучаснай аранжыроўцы, якую выконваюць вядомыя беларускія артысты. Новая апрацоўка старажытнай песні надае другое жыццё фальклорнай спадчыне, папулярызуючы яе сярод моладзі. Больш за 250 гуртоў і выканаўцаў – ад пачынаючых да заслужаных і народных – прынялі ўдзел у “музычным адраджэнні”. Сёлета убачыць свет 500-я народная песня ў сучаснай апрацоўцы.
Таксама госці фестывальнага Маладзечна змогуць наведаць выставу фотаздымкаў аўтараў праекта “Жывая спадчына”. Работы зроблены падчас здымак праграмы аб унікальных звычаях, што ўвайшлі у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Ствараючы жывую відэаэнцыклапедыю, творчая каманда “Беларусь 3” ужо праехала дзясяткі тысяч кіламетраў па нашай краіне, наведала сотні вёсак і гарадоў, запісала безліч інтэрв’ю з носьбітамі і захавальнікамі народных традыцый. Аўтарам-гукарэжысёрам фотапраекта “Жывая спадчына” з’яўляецца Ілля Хмяльніцкі. Падчас здымак ён “схапіў” на камеру свайго мабільнага тэлефона самыя яскравыя моманты здымачнага працэсу. Пры гэтым адлюстраваў не толькі асаблівасці працы здымачнай групы, вобразы герояў, але і простых вяскоўцаў: рознаўзорыстыя ліштвы і “глухія” брамы стараабрадцаў, безліч блакітных вокнаў у хатах палешукоў, лодкі з іржавымі ланцугамі рыбакоў Браслаўшчыны.
***
Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага і Беларускі саюз кампазітараў запрашаюць ў 15 гадзін наведаць творчы праект “Сустрэча ля раяля. Беларускі раманс”.
У мерапрыемстве прымуць удзел беларускія кампазітары, артысты Вялікага тэатра Беларусі: народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна, лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзмітрый Шабеця ў суправаджэнні струннага ансамбля “Амелія” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.
***
Мінскі абласны драматычны тэатр у 15 гадзін запрашае ўсіх аматараў тэатральнага мастацтва на спектакль “Дядюшкин сон” паводле вядомай аповесці класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага. Маладзечанскае прачытанне інтэрпрэтуе гісторыю як камедыю нораваў. Князь К. прыязджае ў правінцыйнае мястэчка, бязлітаснае вышэйшае святло якое жыве плёткамі і пошукам выгады. Свецкая дама Мар’я Маскалёва распрацоўвае план, як выдаць за князя дачку Зіну. Яна дамагаецца прапановы, але ў гэтай гульні прайграюць усе.
***
У гэты ж час аматары літаратурнага і музычнага мастацтва сустрэнуцца з вядомымі паэтамі, кампазітарамі, дзеячамі культуры Беларусі.
У малай зале Палаца культуры адбудзецца музычна-паэтычная гасцёўня “Паэтычная спадчына – нашчадкам запавет”. Падчас імпрэзы адбудзецца сустрэча з фіналістамі Рэспубліканскага паэтычнага конкурсу памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэта Міколы Мятліцкага “Сваю душэўную спагаду святлом Айчыны запалі”. Хто, як ні паэты, дзеячы культуры і мастацтва, могуць пранікнёна звярнуцца да роднай старонкі, уславіць наш родны беларускі край. Не прапусціце магчымасць пабываць там, дзе валадарыць Творчасць.
***
У 18 гадзін у Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” пройдзе спектакль “Шлях да Бэтлеему” – калядная надзея ў адной дзеі для дзяцей малодшага ўзросту. Гэта незвычайная гісторыя Раства. Дзеля таго каб сустрэць Бога, галоўнаму герою прыдзецца зрабіць вельмі шмат крокаў па дарозе да Бэтлеему, крочыць упарта і не прыходзіць у адчай, нават калі падаецца, што прыйшоў у тупік. І гэту прыпавесць распавядае звычайны шэры Асёл, зусім не герой, не ваяр і не мудрэц.
***
Канцэртная зала Палаца культуры у 18.00 запрашае на спектакль “Чорная Панна Нясвіжа” Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы.
Гэта містычная легенда аб любові ў адной дзеі Аляксея Дударава.
Вось ужо чатыры стагоддзі ў Нясвіжскім замку з’яўляецца прывід маладой жанчыны. Па легендзе гэта блукае пакутлівая душа недарэчна загубленай каханай караля Жыгімонта – Барбары Радзівіл. Відовішчны і пачуццёвы спектакль сцвярджае, што галоўнае ў жыцці – захаваць здольнасць да вялікіх пачуццяў і вялікіх учынкаў.
***
У летнім Амфітэатры ў 21.00 пройдзе гала-канцэрт закрыцця “НАСТАЛЬГІЧНЫ ДЫВЕРТЫСМЕНТ” ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2022” у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча .
Галоўны дырыжор – Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко.
Жыхары і госці горада змогуць атрымаць асалоду ад канцэрта з удзелам легендаў беларускай эстрады, артыстаў, сучасных маладых выканаўцаў. Пачуць і праспяваць любімыя хіты гледачы змогуць разам з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Громавым, заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай, Аляксандрам Саладухай, Аленай Ланской, Уладзіславам Місевічам, заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем “Сябры”, Беларускім дзяржаўным ансамблем “Песняры”, групай “Аура”, ансамблем “Чараўніцы”, пераможцам шоу “Х-Фактар.Беларусь” Андрэем Панісавым і іншымі.
***
Акрамя асноўных мерапрыемстваў фестывальная праграма прапануе гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў:
- Тэлеперадача “Фестываль у аб’ектыве” з удзелам дзеячаў культуры і мастацтваў Беларусі (тэлепраграма “МКТБ” – 10 і 11 чэрвеня);
- Канцэртная праграма “Мелодыя маёй краіны” творчых калектываў Маладзечанскага раёна (Цэнтральная плошча – 11 чэрвеня, 00-15.00);
- Канцэрт джазава-эстраднай музыкі “Джазавы калейдаскоп” у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” (Чысцінскі сельскі дом культуры – 11 чэрвеня, 00);
- Сумесная творчая сустрэча мастацкіх дзеячаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза кампазітараў “Калі душа спявае” (Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Багдановіча – 11 чэрвеня, 00);
- Паэтычная пляцоўка “Чытаем Купалу і Коласа” з удзелам беларускіх паэтаў (Пляцоўка-сквер дэкаратыўна-паркавых скульптур “Вернісаж камянёў” ля Палаца культуры – 11 чэрвеня, 30).
Напярэдадні фестывалю жыхары і госці Маладзечна змогуць пабачыць на вуліцах горада (білбордах, інфармацыйна-рэкламных стэндах) праект “Бачу Беларусь такой”: фотаработы Уладзіслава Цыдзіка, вершаваныя радкі паэтаў-класікаў, сучасных творцаў на патрыятычную тэматыку.
***
На працягу фестывальных дзён разгорнуць працу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі, а таксама каля кінатэатра “Радзіма”.
Так, на Цэнтральнай плошчы адбудзецца канцэртная праграма “Мой край – мая песня” творчых калектываў Маладзечанскага раёна (10 чэрвеня, 15.00-18.00); канцэрт “Табе, Беларусь, прысвячаю!” творчых калектываў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай вобласцей (11 чэрвеня, 15.00-18.00), канцэрт “Песняй славім Беларусь” творчых калектываў Мінскай вобласці (11 чэрвеня, 18.00-21.00).
Таксама можна будзе наведаць мабільны музей-экспазіцыю “Дарога памяці” ўстановы “Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”, выставу рэтра-аўтамабіляў, а таксама дэманстрацыю пажарна-аварыйна выратавальнай тэхнікі МНС ў рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню”.
Па вуліцы Прытыцкага ля кінатэатра “Радзіма” разгорне сваю работу “ПАРТАЛ ЧАСУ. Міншчына: гісторыя і сучаснасць” да Года гістарычнай памяці. Госці свята могуць здзейсніць своеасаблівае “падарожжа ў часе” ад старажытнасці да сучаснасці.
У кінатэатры “Радзіма” пройдзе дэманстрацыя фільмаў з «Залатой калекцыі» РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».
Знойдуць сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага Маладзечна, наведаўшы творчую прастору “Беларускі АРТ-куток” (10 чэрвеня, 15.00), а таксама канцэртна-забаўляльную пляцоўку “Дзіцячы МЕГАполіс” (11 чэрвеня, 15.00).
Пабачыць беларускія краявіды, каларытнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад беларускіх пейзажаў можна будзе падчас мастацкага пленэру “Мой АРТ-ГОРАД” (11 чэрвеня, 12.00).
Парадуюць гледачоў выдатна аформленымі экспазіцыямі, майстар-класамі лепшыя майстры лазапляцення Беларусі ў рамках творчага арт-плаца “Пляцем узор краіны роднай” удзельнікаў фестывалю-конкурсу лозапляцення “ДзіваФэст” у Маладзечне.
Больш інфмармацыі на сайце Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” festyval.by
Отправить комментарий