Не ўсе раёны вобласці па стану на 5 красавіка прыступілі да вясенняй пасяўной, аднак менавіта арганізацыя работ на ёй была ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў абласной селектарнай нарады, што адбылася ў панядзелак вечарам. “Перадвелікодная размінка закончылася”, - такімі словамі пачаў размову, заклікаючы да зладжанай работы без эксцэсаў, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Л.Ф.Крупец. Ён напомніў, што ранняя сяўба заўсёды лепш сказваецца на рэзультатах. Вецер падсушвае глебу, надзвычай важна не ўпусціць агратэхнічныя тэрміны. “Бескантрольнасць, неаператыўнасць, абыякавасць – недапушчальныя сярод тых, хто мае дачыненне да палявых работ”, - падкрэсліў Леанід Фёдаравіч і запатрабаваў працаваць у гэты адказны перыяд увесь светлавы дзень. Пры гэтым губернатар выказаў здзіўленне, як некаторыя кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак грэбуюць тэхналагічным рэгламентам вырошчвання культур, не заўважаюць на сваіх палетках раскіданую салому, у складах, дзе захоўваюцца ўгнаенні, беспарадак, не клапоцяцца пра наяўнасць насеннага матэрыялу, ды і наогул іншы раз думаюць больш пра асабістыя соткі, чым пра сотні гектараў сельгасугоддзяў, за якія нясуць адказнасць.
“Нам патрэбна амаль 300 тысяч гектараў пасеяць зерневымі і столькі ж заняць бульбай, ільном, цукровымі буракамі, гароднінай і іншымі культурамі. Прагназуем атрымаць на Міншчыне не менш чым 2,5 мільёна тон зерня, - узяў слова старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама І.М.Шматко. – Каб атрымаць такі вынік, патрэбна захоўваць тэрміны і падкормак, і сяўбы”. Іван Міхайлавіч спыніўся на іх дэталёва, каб кожны ўдзельнік нарады мог рэальна ўзважыць магчымасці і мабілізавацца. І напомніў, што ў кожным раёне сёння працуюць спецыяльныя групы камітэта, якія аказваюць навуковую дапамогу. А там, дзе ўмовы не дазваляюць увайсці ў поле, неабходна прывесці ў такую гатоўнасць машынна-трактарны парк, каб спрацаваць затым хутка ўдвайне і ўтрайне.
Не менш дэталёвая гутарка адбылася і па праблемах, якія існуюць у жывёлагадоўлі. Намеснік старшыні аблвыканкама В.М.Казакевіч падкрэсліў, што трэці раз узнімаецца гэта пытанне на селектарных нарадах, а дамоўленасці невыкананы. Далей размова набыла характар зваротнай сувязі: тым, каго тычыліся найбольш важкія заўвагі, давялося трымаць справаздачу. Прынцыповы падыход абласнога кіраўніцтва сведчыў аб тым, што такая ж пазіцыя запатрабаванасці павінна быць і на месцах.
Наогул, выраз “адказнасць кадраў” гучаў на працягу больш чым дзвюх гадзін неаднаразова. І калі была ўзнята яшчэ адна вострая на сённяшні дзень тэма – навядзенне парадку на зямлі, - губернатар даў зразумець усім свае адносіны: “Беспарадак – у гультаёў”.
У размове пасля завяршэння абласнога селектара старшыня райвыканкама А.С.Бойка і першы яго намеснік начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання І.М.Часнок звярнулі ўвагу прысутных у першую чаргу на гэту, названую кіраўніком вобласці, прыкмету гультаёў, і паставілі перад усімі службамі раёна, сельскімі Саветамі задачу да канца тыдня ліквідаваць звалкі, прывесці ў парадак палігоны цвёрда-бытавых адходаў, прыбраць паўсюдна смецце. Адзнака за яе выкананне будзе пастаўлена ў час рэйду.
Запісала Жанна Гардзіевіч.
Отправить комментарий