Бязвоблачнае неба, цёплае сонейка, рознагалосае шчабятанне птахаў, краскі-першацветы і пухнатыя коцікі стваралі добры настрой усім, хто сабраўся ўчора на паляне ў лясным масіве за вёскай Вароніна. Тут члены школьнага лясніцтва Карацкай школы высаджвалі кволыя на выгляд, але генетычна магутныя і вынослівыя саджанцы хвойных парод дрэў, якія праз дзесятак-другі гадоў зашумяць гонкімі соснамі і ялінамі. Такім чынам сённяшнія школьнікі закладваюць сваё будучае, бо распачатая 10 красавіка ва ўсіх лясгасах Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання акцыя “Тыдзень лесу-2010” праходзіць пад дэвізам “Новыя лясы – нашчадкам у спадчыну”. За першыя дні “Тыдня лесу” вучні гэтай школы на свой рахунак ужо запісалі больш за 2 га пасадак. Самы актыўны ўдзел у закладцы новых лясных насаджэнняў прымаюць таксама юныя лесаводы гарадскіх школ, СПЛ, Заастравецкай, Морацкай, Сіняўскай, Азярэчанскай ДАСШ.
У лясніцтвах Клецкага раёна для пасадак выдзелена больш за 45 га няўдобіц і вызваленых пасля рубак участкаў. У ходзе акцыі, прысвечанай 65-ай гадавіне Вялікай Перамогі, будзе закладзены парк з розных парод дрэў у горадзе Клецку каля помніка загінуўшым воінам-афганцам, у Сіняўскім сельскім Савеце – сквер з рабіны, сёння вучні Шчэпіцкай школы наводзяць парадак у зоне адпачынку ва ўрочышчы “Старына”, а 17 красавіка адміністрацыя лясгаса разам з супрацоўнікамі аддзела культуры райвыканкама і РА НС выедуць у Заастравецкае лясніцтва. Гэта невялікі пералік добрых спраў “Тыдня лесу”. У ходзе добраахвотнай акцыі могуць прыняць удзел усе жадаючыя, укласці сваю часцінку працы ў справу стварэння і захавання лясоў Беларусі. Новыя лясныя насаджэнні неабходна пакідаць нашчадкам у спадчыну. Яны – лёгкія нашай планеты.
Вольга Русіновіч.
На здымках: юныя лесаводы Карацкай ДАСШ за работай.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий