Сейчас загружается

У Клецку праходзіць выстава карцін Леаніда Гурбо і Андрэя Лычкоўскага

 

21 – 31 жніўня на Клецкім мехзаводзе праходзіла выстава карцін беларускіх мастакоў Леаніда Гурбо і Андрэя Лычкоўскага, а цяпер ўсе жадаючыя змогуць наведаць гэтую ж выставу ў будынку Клецкага райвыканкама.

Гурбо Леанід Міхайлавіч

Нарадзіўся ў Мінску ў 1939 годзе. Скончыў Мінскаемастацкае вучылішча (1963г.) і Беларускі палітэхнічны ўніверсітэт, архітэктурнае аддзяленне (1973г.). Працаваў мастаком, архітэктарам, каля трыццаці гадоў выкладаў малюнак і жывапіс у Дзіцячай мастацкай школе №2 г.Мінска, дзе падрыхтаваў не адзін дзясятак юных мастакоў. Леанід Гурбо заўсёды актыўна ўдзельнічаў у Рэспубліканскіх і Усесаюзных выставах, персанальныя выставы праходзілі ў Мінску, Пухавічах, Крупках, Мар’інай Горцы, Клецку.

З 1994 года – сябра Беларускага саюза мастакоў.

Маленькі Леанід маляваць пачаў, як толькі аловак папаў у яго рукі, цяга да малявання ў хлопчыка была ўвесь час. У дарослым узросце ўвесь вольны ад працы час ён займаўся мастацтвам.

Працуе мастак у асноўным у станковым жывапісу, пастэлі ў рэалістычнай манеры з элементамі фантазіі – ад абстрактнага да рэальнага праз імправізацыі. Творчасць Гурбо – гэта даніна класіцызму. Шукаючы асабісты стыль і напрамак у жывапісу, ён шмат падарожнічаў, наведваў у першую чаргу музеі Санкт-Пецярбурга, Масквы, пазней знаёміўся з музеямі Італіі, Амстэрдама, Германіі, Францыі, Польшчы і заўсёды прывозіў замалёўкі і ствараў новыя шэдэўры. Тонкае адчуванне колеру і прадуманасць лініі, праца над дэталямі дапамагаюць яму стварыць пэўны настрой у сваіх карцінах. У яго творчасці няма аднолькавасці, аднастайнасці – ёсць індывідуальнасць, а гэта галоўнае для сучаснага мастака.

Творы Леаніда Гурбо знаходзяцца ў беларускіх музеях, у прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Італіі, Канадзе, Арабскіх Эміратах, Ізраілі і іншых краінах свету.

З Клеччынай лёс звязаў мастака праз жонку, якая родам з нашага раёна. Калі Леанід Міхайлавіч быў у Клецку, то абавязкова завітваў да нас у музей. У фондах музея на сённяшні дзень захоўваюцца шэсць карцін, падараваных гэтым таленавітым мастаком і цудоўным чалавекам.

Лычкоўскі Андрэй Міхайлавіч

Нарадзіўся ў в.Яршы Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў 1956 годзе. Мае вышэйшую мастацкую адукацыю. Вучыўся ў Маскоўскім народным універсітэце мастацтваў імя Крупскай на аддзяленні станковага жывапісу і графікі,у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ў Мінску па спецыяльнасці "Выяўленчае мастацтва".

Андрэй Лычкоўскі працуе з алейнымі фарбамі ў жанры пейзажа і нацюрморта,  карціны піша ў асноўным на пленэрах круглы год. Любімай тэмай творчасці мастака стала прырода роднага краю. І сапраўды, кожная яго карціна становіцца пацвярджэннем таго, што прырода Беларусі маляўнічая, а восень – самая яркая пара года. Восеньская тэматыка прасочваецца ад карціны да карціны. Яго жывапіс адрозніваецца чыстымі, насычанымі колерамі ў пастознай, экспрэсіўнай манеры.Каларыт вельмі яркі, незвычайны і распазнавальны. Насычаныя па колеры алейныя пейзажы прысвячаюцца маленькім рачулкам, старым дрэвам, сцяжынкам у полі і іншым родным матывам.

Цяпер Андрэй Міхайлавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Да гэтага ён працаваў у мясцовай школе № 2 імя Кандрата Крапівы – выкладаў выяўленчае мастацтва і вёў дадатковы гурток для сваіх вучняў. Некаторыя з іх і да гэтага часу выязджаюць разам з настаўнікам на пленэры.

З 1986 года мастак удзельнічае ў рэспубліканскіх іабласных, персанальных і сумесныхвыставах. З'яўляецца членам аб'яднання мастакоў "АБУДЖЭННЕ", у складзе якога майстар бярэ ўдзел у пленэрах у розных рэгіёнах Беларусі. Андрэй Лычкоўскі з'яўляецца не толькі ўдзельнікам, але і арганізатарам сумесных выстаў мастакоў, якія праходзяць у розных гарадах Беларусі. І ўсюды, дзе бывае, пакідае на памяць свае карціны, бо лічыць, што сапраўдныя творы мастацтва павінны знаходзіцца не ў прыватных калекцыях, дзе іх змогуць убачыць тры-пяць чалавек, а ў музейных экспазіцыях.Больш за 150 работ Андрэя Міхайлавіча захоўваюцца ў экспазіцыях і калекцыяхдзяржаўных музеяў і галерэйкраіны. Не выключэнне і наш музей, дзве падараваныя мастаком карціны можна ўбачыць на выставе “Чароўная сіла мастацтва”.

ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”.

 

Отправить комментарий

Возможно, пропустили