Сейчас загружается

“Творчыя матывы душы”. Клецкі медык складае вершы пра землякоў і раён

 

«Да новых перамог» працягвае расказваць пра паэтаў Клеччыны. Сёння дзеліцца сваёй творчай гісторыяй Святлана Стромская, якая супрацоўнічае з газетай больш за тры дзясяткі гадоў.

Па словах Святланы Іванаўны, любоў да літаратуры з'явілася ў яе ў школьныя гады. Яна зачытвалася творамі Пушкіна, Блока, Ясеніна, Лермантава і іншых аўтараў. Умела правільна і неардынарна выказваць думкі, таму рэгулярна ўдзельнічала ў конкурсах сачыненняў сярод навучэнцаў. Марыла стаць педагогам ці медыкам. Аднак лёс распарадзіўся так, што звязала сваё жыццё з медыцынай.

Трыццаць другі год працую інструктарам па лячэбнай фізічнай культуры ў Клецкай цэнтральнай раённай бальніцы, – кажа зямлячка. – Кожны дзень да мяне прыходзяць людзі рознага ўзросту, і мне гэта падабаецца. Зносіны з імі даюць мне прыліў сіл, энергіі, зараджаюць станоўчымі эмоцыямі, якія натхняюць да вершаскладання.

Кляччанка паведаміла, што пасля школы працяглы час не пісала ні радка. Прарыў у творчасці здарыўся ў трыццаць гадоў і па сённяшні дзень лірыка ідзе побач.

Паэтычны дэбют С.Стромскай адбыўся ў 1992 годзе, калі былі ўпершыню апублікаваны яе вершы ў мясцовай газеце «Да новых перамог».

Доўга не вырашалася прынесці свае творы ў рэдакцыю, – успамінае суразмоўца. – Баялася, як ацэняць чытачы. – Дзякуючы Генадзю Блінцу, былому першаму сакратару УЛКСМ, які літаральна за руку прывёў мяне да Зоі Андруковіч, выконваючай у той час абавязкі галоўнага рэдактара, я пераадолела страх, і цяпер мае вершы знаходзяць водгук у сэрцах кляччан.

Святлана Іванаўна ў ліку першых папоўніла склад літаратурнага аб'яднання «Голас» пры раённай газеце. Некаторы час была адказным сакратаром літаб'яднання. 1996 год стаў знамянальным для паэткі – убачыла свет яе першая кніга «Ты паслухай, зямля беларуская». Яна з'яўляецца таксама сааўтарам раённага і абласных калектыўных зборнікаў. Яе творы рэгулярна размяшчаюцца на старонках «ДНП», друкавалася ў «Мінскай праўдзе».

Я была актыўным удзельнікам творчых мерапрыемстваў, сустрэч з вучнямі раёна, – адзначае лірык. – Рэгулярна займала прызавыя месцы ў конкурсах сярод медыцынскіх работнікаў у намінацыі «Аўтарскі верш». У гэтым годзе прыняла ўдзел у конкурсе на лепшы твор, прысвечаны 85-годдзю Мінскай вобласці.

Зямлячка тлумачыць, што сюжэты бярэ з жыцця. Правобразамі становяцца людзі, розныя падзеі, сустрэчы. Яна ўмее ўбачыць любыя дробязі, якія не кожны чалавек заўважыць. Апявае прыгажосць родных мясцін, захапляецца навакольнай прыродай. Закранае таксама філасофскую, любоўную, ваенную, медыцынскую тэматыкі. Нядаўна пачала пісаць дзіцячыя вершы, на якія натхняе ўнучка. У яе шмат юбілейных, вясельных прысвячэнняў, адрасаваных родным, сябрам, калегам, знаёмым.

Па словах аўтара, крыніцай натхнення могуць стаць любыя станоўчыя і адмоўныя эмоцыі, радасныя і сумныя моманты.

Радкі прыходзяць самі сабой, раптоўна, нібыта іх нехта мне дыктуе, – распавядае субяседніца. – Магу прачнуцца пасярод ночы, а ў галаве круцяцца словы, рыфмы. Тады хутка ўстаю і адразу запісваю іх, каб не выпусціць залатую нітачку, якая вядзе да нараджэння верша.

Святлана Іванаўна адзначае, што акрамя ўяўлення і мыслення, аўтару патрэбны цярпенне, упартасць, мэтанакіраванасць. Яна прывыкла ставіць перад сабой задачы і выконваць іх. Прызнаецца, што вершаскладанне ёй даецца лёгка. Экспромтам напісаць чатырохрадкоўе не складае ніякай цяжкасці.

Калі добры настрой, то строфы толькі паспявай запісваць, яны выходзяць знутры адна за адной. Бывае, што радкі, якія кладуцца на ліст паперы, дыктуе душа, напоўненая болем і слязамі. А калі Муза затрымалася ў дарозе, то заклікае яе паспяшацца. Бярэ запісную кніжку і ручку, усаджваецца на ўтульнай канапе на кухні,  слухае цішыню і чакае...

Кожны верш паэтка прапускае праз сябе, укладвае часцінку сэрца.

Невыпадкова, як прызналася, чуе ў свой адрас добрыя словы ад удзячных чытачоў:

Калі бачыш цікавасць людзей да таго, чым займаешся, то натхняешся яшчэ больш. Першай чытае мае вершы калега Ірына Кішко. Для меня вельмі важна яе адзнака.

Творчасць, як кажа кляччанка, не проста прыносіць ёй асалоду і задавальненне, яна лечыць, дапамагае жыць і пераадольваць складаныя, бязрадасныя сітуацыі.

Пачынаючым паэтам зямлячка раіць не пісаць у стол, не баяцца паказваць свой талент публіцы.

У далейшых планах С.Стромскай вярнуцца да стварэння празаічных твораў, у якіх можна падрабязна і ярка расказаць пра набалелае і перажытае.

Акрамя напісання вершаў, Святлана захапляецца вязаннем і выпечкай пірагоў. Муж і сыны падтрымліваюць хобі роднага чалавека. Яна ўдзячная ім за дапамогу і падтрымку ва ўсіх справах і шчыра кажа: «Мая сям'я – гэта мая абарона і апора».

Ірына ЖДАНКО.

Фота Іны ФЕДАРЧУК.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили