Так называецца праект Беларускай Праваслаўнай Царквы, які ўвойдзе ў гісторыю нашага горада чарговай культурна-асветніцкай падзеяй. У Клецку ён стартаваў 8 мая, а напярэдадні прайшоў у многіх рэгіёнах Беларусі і нават за яе межамі.
Як стала вядома, дадзеная асветніцкая праграма была ініцыіравана яшчэ ў 2007 годзе з мэтай адрадзіць да належнага ўзроўню інстытут сям’і, бо за апошнія дзесяцігоддзі яе вобраз пад уздзеяннем розных фактараў значна дэфармаваўся.
Ні для каго не сакрэт, што сёння вялікай папулярнасцю карыстаюцца так званыя грамадзянскія шлюбы. Істотна змяніліся і вобразы сучасных бацькоў – на жаль, станоўчым прыкладам для свайго дзіцяці можа стаць не кожны з іх. Таму ў грамадстве ўсё больш востра адчуваецца патрэба дапамогі суайчыннікам стаць на шлях праведны. Час паказаў: царква, як ніхто іншы, можа паспяхова справіцца з задачай духоўнага перавыхавання асобы. Менавіта на замацаванне хрысціянскіх сямейных і маральных каштоўнасцей, ідэі духоўнага адраджэння нацыі, захаванне нацыянальнай годнасці і шматвекавога культурнага і духоўнага багацця нашага народа накіравана духоўна-асветніцкая дзейнасць, разгорнутая ў рамках праекта «Сям’я – Яднанне – Айчына».
– Спадзяёмся, што прапанаваныя Праграмай мерапрыемствы, якія пройдуць у горадзе з 8 па 13 мая, стануць важнай прыступкай на шляху адраджэння хрысціянскіх традыцый, крыніцай духоўнасці для падрастаючага пакалення, – зазначыла падчас цырымоніі афіцыйнага адкрыцця выставы-кірмашу “Радасць. Слова” начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Вольга Бранавіцкая.
Сама выстава, якая з’яўляецца неад’емнай часткай праекта, прапануе кляччанам кнігі, аўдыёдыскі на праваслаўную тэматыку, а таксама іконы, царкоўныя рэчы, асвечаныя вырабы са срэбра.
Кульмінацыйным момантам ажыццяўлення праекта ў Клецку, як зазначыў каардынатар праграмы, супрацоўнік выдавецтва Беларускага Экзархата Дзмітрый Лосік, стане ўручэнне факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля ў падарунак жыхарам горада, якое адбудзецца заўтра, у дзень закрыцця работы выставы.
– “Сям’я – Яднанне – Айчына” – гэта ўнікальны праект беларускай Праваслаўнай Царквы, накіраваны на забеспячэнне плённага супрацоўніцтва царквы і дзяржавы ў вырашэнні задач дэмаграфічнага развіцця рэгіёнаў краіны, – падкрэсліў, выступаючы перад прыхаджанамі благачынны Клецкай акругі, настаяцель Свята-Уваскрэсенскай царквы Матфей Белавус.
Святар заклікаў кляччан не быць раўнадушнымі да тых праблем, якія ўзнімаюцца праектам. Ён прапанаваў актыўна ўключыцца ў разгорнутую на Клеччыне гэтымі днямі асветніцкую дзейнасць, тым самым унесці асабісты ўклад у справу духоўнага адраджэння нацыі і маральных каштоўнасцей беларусаў.
Залогам эфектыўнасці Праграмы павінен стаць масавы духоўна-маральны аздараўленчы эффект, які арганізатары плануюць атрымаць за кошт шэрагу мерапрыемстваў: выставы-кірмашу духоўна-асветніцкай прадукцыі, пазнаёміцца з якой мае магчымасць вялікая колькасць жыхароў раёна, гутарак і семінараў, спектакля і канцэрта. Усе ўключаныя ў праграму мерапрыемствы маюць сямейную і патрыятычную накіраванасць.
Завершыць цыкл добрых спраў Крэсны ход – сімвал яднання грамадзян розных прафесій, узростаў і светапоглядаў. Іх чыстыя і светлыя пачуцці, агеньчыкі радасці ў вачах і стануць вынікам духоўнага аздараўлення.
Святлана Орпель.
Фота Юрыя Мысліцкага.
Отправить комментарий